У Наваполацку пражывае найбольшая колькасць маладых людзей, якія першы раз удзельнічалі ў выбарах

11 сентября 2016

У паўночным рэгіёне краіны пражываюць 876 000 грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам. Найбольшая колькасць маладых людзей, якія сёння першы раз у жыцці ўдзельнічалі ў важнай палітычнай падзеі, пражывае ў самым маладым горадзе Беларусі - Наваполацку. На тэрыторыі Наваполацкай выбарчай акругі налічваецца 1099 выбаршчыкаў, якія галасуюць упершыню. Усяго ж галасаванне ў Віцебскай вобласці праходзіла на 819 участках, большасць з якіх размешчана ў сельскай мясцовасці. За ходам выбараў сачыла Вольга Маслоўская.

Студэнтка Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта Ганна Нікалаюк упершыню задумалася над выбарам дзяржаўнага значэння. Яна - адна з амаль 8 000 жыхароў Віцебскага рэгіёна, якія сёння ўпершыню ўзялі ў рукі бюлетэні для галасавання.

Самай маладой акругай у Віцебскай вобласці стала Наваполацкая. Там жыве найбольшая колькасць грамадзян, якія галасавалі ўпершыню.

А вось самыя актыўныя выбаршчыкі - жыхары глыбінкі. Ужо да паўдня ў паўночным рэгіёне выбары адбыліся ў 8 з 14 акруг. У лідарах па яўцы сельскія населеныя пункты.

8-ы ўчастак Гарадоцкай выбарчай акругі сфарміраваны ўпершыню. Размешчаны ў самім Гарадку ў раёне новабудоўляў. Выбаршчыкі - маладыя сем'і. Яны ахвотна прымалі ўдзел у выбарах, а апусціўшы бюлетэні ва урны, яшчэ доўга не пакідалі ўчастак - разам з дзецьмі дэгуставалі пачастункі ў буфеце і выбіралі сувеніры.

Гарадоцкі раён - адзін з самых вялікіх па плошчы ў Беларусі. Тут шмат маленькіх аддаленых вёсак. І ў кожнай сёння пабывалі працаўнікі ўчастковых камісій.

За ўчасткам замацаваны аўтамабіль. Да некаторых выбаршчыкаў - 20 кіламетраў шляху. Дома сёння галасавала старэйшына вёскі Баталі Тамара Собалева.

За ходам галасавання, у тым ліку і дома, сачылі назіральнікі. Міжнародных і нацыянальных экспертаў у паўночным рэгіёне акрэдытавана больш за 4 500.