У Маскве ў выбарах Прэзідэнта Беларусі змогуць прыняць удзел больш за тысячу чалавек

7 октября 2015

Учора ў Беларусі стартавала датэрміновае галасаванне, праходзіць яно і за межамі нашай краіны. У Расійскай Федэрацыі ў спісы для галасавання ўнесеныя некалькі тысяч чалавек. Большасць з іх зможа прагаласаваць у беларускім пасольстве ў Маскве. Максім Кароткін назіраў за пачаткам галасавання.

У Маскве ў выбарах Прэзідэнта Беларусі змогуць прыняць удзел нямногім больш за тысячу чалавек. Столькі ўнесена ў спісы для галасавання і атрымала адпаведныя запрашэнні. Акрамя Масквы, участкі для галасавання арганізаваныя ў Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе і Растове-на-Доне.

Выбарчы ўчастак у расійскай сталіцы размясціўся ў толькі што адкрытым дзелавым і культурным комплексе пасольства. І ўжо першы дзень галасавання паказаў, што для беларусаў, якія жывуць і працуюць у Маскве, пытанне выбару будучыні краіны далёка не другараднае.

У сталіцы Расіі аснову выбарчага спісу складаюць студэнты маскоўскіх ВНУ, людзі, якія працуюць на беларускіх аб'ектах, супрацоўнікі інтэграцыйных структур і дыпламатычныя працаўнікі. Частка працуе ў змену, хтосьці вызваляе выхадныя для асабістых спраў, вучобы або камандзіровак.

На ўсіх чатырох участках у Расійскай Федэрацыі змогуць прагаласаваць і грамадзяне Беларусі, якія стала пражываюць у Расіі, і тыя, хто часова знаходзіцца на яе тэрыторыі. Для гэтага на ўчастку неабходна прад'явіць дакумент, які пацвярджае грамадзянства. Дарэчы, да чатырох месцаў для галасавання ў Расіі ў нядзелю дадасца пятае. Па традыцыі ў асноўны дзень выбараў выязное галасаванне будзе арганізаванае ў Сочы ў санаторыі "Беларусь".

У дні папярэдняга галасавання ўчасткі ў Расіі працуюць 7 гадзін на дзень - з 10 да 14 і з 16 да 19. Вядома, што ў дзень асноўнага галасавання рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права можна будзе з 8 раніцы.