У Мінску з візітам еўракамісар Ёханес Хан

30 января 2018

У Беларусь з візітам прыбыў еўрапейскі камісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханес Хан. У наступныя гадзіны дыпламат сустрэнецца з кіраўніком беларускага МЗС Уладзімірам Макеем. На парадку дня - гандаль і інвестыцыі, а таксама задачы, узгодненыя на брусельскім саміце "Усходняга партнёрства".

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі:

«Будуць абмеркаваныя актуальныя пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Еўрасаюза, у тым ліку перспектыва развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў сферы міжнароднай і тэхнічнай дапамогі, умацаванне палітычнага дыялогу па лініі Беларусь – ЕС, а таксама іншыя аспекты адносін, якія ўяўляюць узаемную цікавасць».

Апошні раз Ёханес Хан наведваў нашу краіну ў 2015. Перад цяперашнім візітам дыпламат канстатаваў, што за некалькі гадоў Беларусь і ЕС змаглі значна пашырыць сваё супрацоўніцтва.