У.Макей: Для СНД 2017 год быў вельмі насычаным і дзейсным

12 декабря 2017

Для СНД 2017 год быў вельмі насычаным і дзейсным. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў сёння на пасяджэнні Савета пастаянных прадстаўнікоў краін Садружнасці пры статутных і іншых органах.

Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі:

"Сёння, падводзячы вынік, кожны з нас можа гаварыць аб істотным прасоўванні сваіх нацыянальных інтарэсаў у сумеснай працы па павышэнні актуальнасці і запатрабаванасці СНД. Мы ў асноўным выканалі тыя задачы, якія ставілі на гэты год. На наш погляд, год быў вельмі прадуктыўным і насычаным для СНД, праведзена вельмі шмат мерапрыемстваў як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і на тэрыторыі іншых дзяржаў. Мы лічым, што гэтыя мерапрыемствы былі вельмі дзейснымі. Прынятыя практычна ўсе запланаваныя рашэнні па адаптацыі Садружнасці да сучасных рэалій".

Пастаянны прадстаўнік Расіі (нагадаем, гэта краіна старшынствавала ў СНД сёлета) заявіў аб дасягненні Садружнасцю ўсіх мэт. А гэта, адзначыў Андрэй Шведаў, вынік пераемнасці ў працы і сумесных намаганняў краін СНД. Ён таксама падзякаваў Беларусі за значную падтрымку. У наступным годзе старшынства ў Садружнасці пераходзіць да Таджыкістана.