ЦВК падвёў канчатковыя вынікі парламенцкай кампаніі

16 сентября 2016

Парламенцкая кампанія ў Беларусі завяршылася. Канчатковыя вынікі падвялі сёння на пасяджэнні ЦВК. Новы склад парламента 6-га склікання вызначаны. Цэнтрвыбаркам прагаласаваў за рэгістрацыю абраных дэпутатаў і сенатараў.

Лічбы і каментарыі электаральнай кампаніі - у Ілоны Красуцкай. За тры месяцы, з моманту старту выбарчай кампаніі, прадстаўнікі Цэнтрвыбаркама далі больш за паўтысячы інтэрв'ю. Безумоўна, у асноўны дзень галасавання канкурэнцыя, каб атрымаць аператыўны каментарый, у журналістаў была самая высокая. А ў дзень выбараў з-за шматлікіх прэс-канферэнцый і ТБ-выступленняў кіраўніку Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай і зусім засталося толькі дзве гадзіны на сон. Што ж... Нават праз тыдзень ёсць, што сказаць. Сёння падвялі канчатковыя вынікі кампаніі.

Лідзія Ярмошына назвала тэндэнцыі ў лічбах. Так, на выбары прыйшлі 5 мільёнаў 215 тысяч 359 чалавек. Прычым, з іх амаль 4 тысячы выбаршчыкаў так і не апусцілі бюлетэні ва ўрны для галасавання. Імаверна, забралі на памяць, выказала здагадку старшыня ЦВК.

Адзнаку ў графе "супраць усіх" паставілі 491 956 беларусаў - гэта амаль 10 %. Прызнаны сапсаванымі больш за 65 з паловай тысяч бюлетэняў. З 6 па 15 верасня ў ЦВК паступіла 479 зваротаў, гэта на дзве сотні менш, чым падчас парламенцкай кампаніі 2012 года. Шматлікія з іх не звязаны з правядзеннем выбараў, а хутчэй тычацца тлумачэння выбарчага заканадаўства.

Яўка на парламенцкіх выбарах па краіне склала амаль 75 %. Электаральная гонка атрымалася адной з самых яркіх і адкрытых у нашай гісторыі. Упершыню кожны з заканадаўцаў быў вызначаны на небезальтэрнатыўнай аснове. У парламент прайшлі і палітычныя партыі і рухі, якія раней там не былі прадстаўлены. Міжнародныя назіральнікі ацанілі высокую арганізацыю кампаніі. За ходам выбараў сачылі не толькі еўрапейцы, але Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва і місія СНД. Ужо практычна вядомы і новы склад верхняй палаты парламента - Савет Рэспублікі. Абраны 56 сенатараў - па 8 чалавек ад кожнай вобласці і сталіцы. Прозвішчы яшчэ васьмярых удзельнікаў пакуль застаюцца інтрыгай - іх прызначае Прэзідэнт.

28 дэпутатам рабочыя месцы добра знаёмыя, бо яны балаціраваліся на другі тэрмін і атрымалі перамогу, а вось яшчэ 82 наваспечаныя парламентарыі зоймуць свае месцы ў Авальнай зале 11 кастрычніка, сенатары на наступны дзень - 12-га. У гэтыя дні адкрыецца восеньская сесія.