Спецыяльныя запрашэнні накіраваныя старшыням Цэнтральных выбарчых камісій 11 краін СНД

19 августа 2015

Не выключана, што маніторыць прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне будуць у тым ліку і ўкраінскія назіральнікі. Гэта сёння ў Мінску заявіў Выканаўчы сакратар Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей Лебедзеў. Ужо сёння спецыяльныя запрашэнні накіравалі ў 11 краін СНД. Пакуль свой удзел у галоўнай палітычнай кампаніі Беларусі ўкраінскі бок не пацвердзіў.

Сяргей Лебедзеў, старшыня Выканаўчага камітэта - Выканаўчы сакратар СНД: "Мы спадзяёмся, што Украіна ўсё роўна ў любой якасці будзе прадстаўленая назіральнікамі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі".

І сёння ж у Выканкаме краін Садружнасці прагучала яшчэ адна заява - Савет кіраўнікоў урадаў СНД на пасяджэнні ў Душанбэ разгледзіць больш як 30 пытанняў. У першую чаргу, эканамічных. Сярод іх рэалізацыя дагавора аб зоне свабоднага гандлю, інавацыйнае супрацоўніцтва і канкурэнцыя на таварных рынках. Плануецца пасяджэнне на 30 кастрычніка.