Сёння пачынаецца афіцыйны візіт прэзідэнта Грузіі ў Беларусь

28 февраля 2017

У гэтыя хвіліны борт грузінскага лідара чакаюць у Нацыянальным аэрапорце Мінск. Гэта першы дзяржаўны візіт Георгія Маргвелашвілі ў нашу краіну.

Дэлегацыя з Грузіі будзе знаходзіцца ў Беларусі тры дні. На парадку дня - пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, актывізацыі гандлёва-эканамічных адносін. Цікавасць выклікае беларускі вопыт развіцця аграрнага сектара. У Тбілісі адкрытыя некалькі магазінаў, якія прадаюць беларускае харчаванне і мэблевую прадукцыю, запатрабаваная і наша тэхніка. Таксама Грузія зацікаўленая ў вопыце Беларусі ў сферы IТ. Адзначым, адносіны паміж краінамі заўсёды насілі дружалюбны і адкрыты характар. А новую старонку сумеснай гісторыі Беларусь і Грузія адкрылі два гады таму. Нагадаем, у красавіку 2015 у закаўказскую краіну ўпершыню з афіцыйным візітам прыбыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Літаральна праз год у Палацы Незалежнасці сустракалі грузінскага прэм'ера. У канцы 2016 адкрылася беларускае пасольства ў Грузіі. Абмен візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях надае імпульс двухбаковым адносінам і стымулюе бізнес. На гэта звярнуў увагу і прэзідэнт Грузіі ў інтэрв'ю праграме "Буйным планам" напярэдадні свайго прыезду ў Беларусь. Дарэчы, краіны плануюць сёлета павялічыць тавараабарот да 200 мільёнаў долараў.

Ужо заўтра з кіраўніком грузінскай дзяржавы сустрэнецца Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі правядуць перамовы сам-насам, затым да лідараў далучацца прадстаўнікі дэлегацый. Па выніках сустрэчы чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў. У праграме трохдзённага візіту запланаваная і сустрэча з кіраўніцтвам абедзвюх палат парламента. Плануецца, што госці наведаюць таксама Парк высокіх тэхналогій і БНТУ.