Санкт-Пецярбург гэтымі днямі называюць парламенцкай сталіцай СНД

11 апреля 2013

Аб узмацненні інтэграцыі на постсавецкай прасторы сёння гаварылі не толькі прадстаўнікі выканаўчай, але і  заканадаўчай улады. І не ў Мінску, а ў Санкт-Пецярбургу, які ў гэтыя дні называюць парламенцкай сталіцай СНД. Тут сабраліся дэлегацыі дзяржаў Садружнасці для ўдзелу ў міжпарламенцкіх асамблеях СНД, ЕўрАзЭС  і АДКБ. Зрэшты, толькі перамовамі ў рамках гэтых арганізацый прадстаўнікі беларускай дэлегацыі не абмежаваліся. Віцэ-спікер беларускага парламента Віктар Гумінскі сёння сустрэўся са старшынёй Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Жанам Клодам Міньёнам. Сустрэча праходзіла па ініцыятыве ПАСЕ  і  выйшла за рамкі запланаванага часу. Падрабязнасці вялікага парламенцкага дня ў Паўночнай сталіцы Расіі - у рэпартажы Святланы Канапацкай.


 


Вялікі парламенцкі дзень у Санкт-Пецярбургу. У Таўрычным палацы прайшлі пасяджэнні Міжпарламенцкай асамблеі СНД, ЕўрАзЭС і АДКБ.    Гэтыя гістарычныя залы, дзе  гучалі выступленні першых дэпутатаў Расійскай Думы, сёння  сталі сведкамі падзей не менш значных для гісторыі дзяржаў  Садружнасці.


Цяперашняе пасяджэнне Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ  ужо  назвалі гістарычным. Упершыню арганізацыя пашырае  рамкі  СНД і прымае  пакуль у якасці назіральнікаў прадстаўнікоў замежных дзяржаў. Сёння гэта Сербія і Афганістан.


Цікавасць Афганістана да АДКБ вызначаецца,  першым чынам, маючым адбыцца ў 2014 годзе вывадам войскаў кааліцыі з тэрыторыі краіны.   На гэтую перспектыву, паціраючы рукі, глядзяць наркагандляры. Супрацьстаяць гэтай пагрозе Афганістан разлічвае з дапамогай АДКБ.  Бо гэта адзіная ў свеце міжнародная ваенная арганізацыя, якая, акрамя абароны, узяла на сябе і функцыі праваахоўныя. Менавіта  гэта прыцягвае ў АДКБ і Сербію.


Такія словы, як упершыню і  ніколі раней  гучалі сёння   ў Таўрычным з зайздросным пастаянствам. У тым ліку на   пасяджэннях парламенцкіх дэлегацый  ЕўрАзЭС. Сярод пытанняў парадку дня вялікая частка датычыцца гарманізацыі заканадаўстваў у галіне эканомікі.


Залы Таўрычнага сёння чулі розныя прамовы  і прымалі гасцей не толькі краін Садружнасці. Міжпарламенцкая асамблея  СНД умацоўвае сувязі з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы. Спікер ПАСЕ Жан Клод Міньён  у гэтыя дні ў Санкт-Пецярбургу. Гэта  сустрэча  з віцэ-спікерам  беларускага парламента Віктарам Гумінскім сярод пратакольных мерапрыемстваў не значылася. Ініцыятыва належыць  нават не асабіста Жану Клоду Міньёну, а  Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Немалаважная дэталь - замест запланаванай гадзіны прагаварылі паўтары.


І пад заканчэнне дня яшчэ адна сенсацыя. Спікер ПАСЕ  прысутнічае  на  пасяджэнні  Савета МПА СНД. Жан Клод Міньён, узяўшы слова пасля Валянціны Мацвіенкі, паінфармаваў высокі сход  аб мінулай сустрэчы з віцэ-спікерам беларускага парламента, яшчэ раз падкрэсліўшы, што гэта была ініцыятыва Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы . Аб тым, як будаваць Еўропу без падзяляльных ліній і  якую ролю ў гэтым працэсе могуць сыграць парламенцкія арганізацыі,  у горадзе на Няве будуць гаварыць і заўтра ў рамках міжнароднай канферэнцыі.