З парламенцкай дэлегацыяй Тайланда сустрэўся прэм'ер-міністр Беларусі

27 июня 2016

Сёння з парламенцкай дэлегацыяй Тайланда сустрэўся прэм'ер-міністр Беларусі. Андрэй Кабякоў заявіў аб імкненні актывізаваць распрацоўку пагаднення аб эканамічным супрацоўніцтве. Як было адзначана, дакумент прадметна вызначыць далейшыя кірункі ўзаемадзеяння і паспрыяе павелічэнню аб'ёмаў узаемнага гандлю. Беларусь гатова прапанаваць партнёрам увесь спектр прадукцыі машынабудавання - ад кар'ернай тэхнікі да пасажырскага аўтатранспарту. А таксама цалкам закрыць патрэбнасці Тайланда ў пастаўках калійных угнаенняў.

Сёння таксама прайшлі перамовы парламентарыяў дзвюх краін. Партнёры пацвердзілі гатоўнасць развіваць увесь спектр двухбаковых адносін у палітычнай, эканамічнай і культурнай сферах. Абмен візітамі за апошнія гады паміж Мінскам і Бангкокам значна актывізаваўся, у першую чаргу - на міжпарламенцкім узроўні.

На сустрэчы таксама гаварылі і аб актывізацыі турыстычнага абмену паміж Беларуссю і Тайландам. У прыватнасці, аб спрашчэнні візавага рэжыму для грамадзян нашай краіны.