Лідары Беларусі і Кітая падпісалі сумесную заяву аб асноўных прынцыпах развіцця ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства

1 марта 2023

Міжнародная бяспека і развіццё двухбаковых адносін. У рамках дзяржаўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў КНР адбылася сустрэча лідараў Беларусі і Кітая.

Пасля прыезду Прэзідэнта ў Дом народных сходаў прагучалі цырыманіяльныя фанфары. Сі Цзіньпін прывітаў Аляксандра Лукашэнку і пасля пратакольнага фатаграфавання лідары краін прадставілі адзін аднаму членаў афіцыйных дэлегацый. Далей выкананне гімнаў і ўрачысты праход роты ганаровай варты.

Наша краіна прапануе КНР ствараць новыя сумесныя прадпрыемствы і развіваць кааперацыю. Патэнцыял праектаў па паглыбленні супрацоўніцтва вельмі вялікі. Яны датычацца вывучэння кампетэнцый і тэхналогій кітайскіх кампаній. У прыватнасці, размова пра выпуск рухавікоў, трансмісій, мастоў, іншых вузлоў і агрэгатаў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў стварыць сумесныя прадпрыемствы ў галіне станкабудавання, электратранспарту, вытворчасці дэталяў для сельгастэхнікі. Што датычыцца палітычнай плоскасці, Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў падтрымку ініцыятыў Пекіна ў сферы глабальнай бяспекі і па тэматыцы развіцця. Яны цалкам супадаюць з беларускім бачаннем таго, што адбываецца.

Мінск і Пекін падпісалі пакет дакументаў

У рамках візіту падпісалі больш за два дзясяткі дакументаў. Яны паслужаць імпульсам для далейшага развіцця, узаемадзеяння Мінска і Пекіна ў розных сферах - ад гандлю і інвестыцый да культуры і спорту. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін таксама падпісалі сумесную заяву аб асноўных прынцыпах развіцця усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.

Варта адзначыць, што лідары як у шырокім, так і ў вузкім фармаце зносін гаварылі значна даўжэй, чым было запланавана. Сёння пекінскім пратаколам прадугледжаны афіцыйны абед у гонар Прэзідэнта Беларусі.

Мінск - Пекін: агульны погляд на светаўладкаванне

Да гэтага ўжо адбыўся шэраг перамоў з вышэйшымі службовымі асобамі Кітая. Аб падабенстве поглядаў Мінска і Пекіна па пытанні шматпалярнага светаўладкавання гаварылі на сустрэчы са Старшынёй камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Чжаньшу.

Асноўны дзень дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай

Пачаўся дзень з сустрэчы з прэм'ерам Дзяржаўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі лі Кэцянам. Месца перамоў - будынак Дома народных сходаў. Тут, у заходняй частцы плошчы Цяньаньмэнь, размяшчаецца парламент КНР. Гэта традыцыйная пляцоўка для афіцыйных сустрэч, прыёмаў, пасяджэнняў і з'ездаў.

Сёння на парадку - новыя гарызонты супрацоўніцтва Мінска і Пекіна. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кітайскаму боку за каласальную дапамогу і падтрымку Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на пасадзе Прэзідэнта гэта яго 13-ты візіт у Кітай. У свой час менавіта ў Кітаі пераймалі вопыт стварэння свабодных эканамічных зон, а завяршэннем і жамчужынай супрацоўніцтва стаў праект па стварэнні індустрыяльнага парку "Вялікі камень".

Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да Помніка народным героям

А гэта традыцыя кожнага візіту беларускага лідара ў Кітай. Аляксандр Лукашэнка ў Пекіне на плошчы Цяньаньмэнь ля Помніка народным героям. Прагучалі дзяржаўныя гімны Беларусі і Кітая, пасля чаго пад урачыстую мелодыю "Кветкі для герояў" да падножжа помніка быў ускладзены вянок у колерах Дзяржаўнага флага Беларусі.

Нагадаем, па выніках саміту ШАС у Самаркандзе летась, двухбаковыя адносіны Мінска і Пекіна выйшлі на новы ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства (гэта вышэйшы ўзровень даверу, якога ў свеце з боку Кітая ўдастоеныя нямногія). Па шляху ўмацавання супрацоўніцтва Беларусь і Кітай ідуць даўно.