Прэзідэнт правёў нараду па нафце і прызначыў новага віцэ-прэм'ера

3 марта 2020
Эфектыўнасць нафтаперапрацоўчага комплексу краіны сёння абмяркоўвалі ў Прэзідэнта. На першым плане ва ўрада  работа з новымі пастаўшчыкамі чорнага золата і арганізацыя лагістыкі па дастаўцы сыравіны. Тая самая дыверсіфікацыя, на якую не аднойчы накіроўваў Кіраўнік дзяржавы. Пошук альтэрнатывы - магчымасць пазбегнуць манапалізму на рынку. Гэта не толькі пытанне энергетычнай бяспекі, але і пытанне ўстойлівасці важнай сферы, якая ў выніку ўплывае на ўсю эканоміку. Менавіта на нафтавую сыравіну завязаны не толькі патрэбнасці ўнутранага рынку паліва, але і стабільная праца прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу. Дарэчы, курыраваць яго ва ўрадзе будзе з гэтага часу новы віцэ-прэм'ер. Кіраўніком дзяржавы прызначаны на гэтую  пасаду Юрый Назараў. Ігар Ляшэнка пераходзіць на іншую працу. 

Падрабязнасці размовы  ў Прэзідэнта даведаемся ў нашага аглядальніка Наталлі Брэвус.

"І зноў нафта", - менавіта  з такімі каментарыямі журналісцкі пул рыхтаваўся да нарады. Пастаўкі і перапрацоўку чорнага золата абмяркоўваюць за апошнія месяцы не ўпершыню. Але вось кадравых рашэнняў у гэты дзень ніхто не чакаў, а яны здарыліся.  


Прэзідэнт прызначыў Юрыя Назарава намеснікам прэм'ер-міністра


Пасада віцэ-прэм'ера для Юрыя Назарава - павышэнне. Дагэтуль ён амаль 6 гадоў працаваў на чале не самага простага канцэрна - "Беллеспаперапрам". На гэты час прыпаў  звышнапружаны перыяд мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. Не ўздыхнеш свабодна! Новая праца (а трэба будзе курыраваць ва ўрадзе нафтахімічны комплекс)  не прасцей. Уключыцца прыйшлося імгненна. З кабінета Прэзідэнта новы віцэ-прэм'ер  накіраваўся на нараду. Шчырая размова. Рэаліі нашага часу такія, што менавіта "вуглевадародны рычаг" становіцца магутным аргументам у палітычных і эканамічных пытаннях. Адчулі гэта на сабе. 


Прэзідэнт пра "вуглевадародны рычаг"

Хаця і ёсць міжурадавае пагадненне  з Расіяй, згодна з якім Беларусь павінна атрымаць прыкладна 24 мільёны тон нафты, але яно, на жаль, не выконваецца. Гэта значыць нягледзячы на складанасці прадпрыемствы працуюць, праблем з палівам у краіне няма. Але з улікам таго, што нафтаперапрацоўка дае важкі дадатак ВУП, любыя праблемы тут адбіваюцца на эканоміцы. І вось каб у будучыні не было так балюча,  звышзадача ўрада думаць глабальна над дыверсіфікацыяй  крыніц эканамічнага росту, а пакуль  азадачаны канкрэтна нафтай. Альтэрнатыва па сыравіне на рынку ёсць. Галоўнае не зацыклівацца. 


Пра  альтэрнатыўныя крыніцы сыравіны


Як гаворыцца, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Няпросты перагаворны працэс з расійскімі партнёрамі прымусіў па-новаму зірнуць на сусветных пастаўшчыкоў чорнага золата ў самых розных краінах. Альтэрнатыва – залог энергетычнай бяспекі. Урад заварушыўся. Была закуплена нарвежская нафта. Ад расійскіх вуглевадародаў  не адмаўляемся. У літоўскай Клайпедзе чакаем і тыя, што былі набыты праз трэйдараў без прэміі. Ад Азербайджана сёлета чакаем да мільёна тон нафты. Напярэдадні ва ўрадзе прайшлі перамовы з кіраўніком найбуйнейшай азербайджанскай нафтавай кампаніі SOCAR. Яна плануе адправіць першы танкер для Беларусі з турэцкага порта праз некалькі дзён. Вопыт супрацоўніцтва з кампаніяй ужо ёсць. Размова і пра тое, каб падключаць надзейных пастаўшчыкоў сыравіны ў інфраструктурныя праекты. Чаму не? Ну і, вядома, на парадку дня найважнейшы аспект - лагістыка альтэрнатыўных паставак. Азербайджанская нафта, напрыклад, як і венесуэльская, будзе дастаўлена праз Украіну па нафтаправодзе Адэса - Броды. 

Што да паставак праз парты на Балтыцы, то гэты напрамак можна палепшыць трубаправодным спосабам. Прэзідэнт нагадаў аб сур'ёзных намерах з боку ЗША. Размова  якраз аб фінансавай дапамозе на будаўніцтва балтыйскай трубы. 


А.Рыбакоў: Нафта ад невялікіх расійскіх кампаній створыць канкурэнтнае асяроддзе


Кіраўнік профільнага канцэрна пацвердзіў: глядзім у розныя бакі. Але пошук альтэрнатывы будзе ісці і на тым жа расійскім рынку. Пастаўкі нафты ад невялікіх кампаній дазволяць сысці ад манапалізму і негатыву, які з ім звязаны.  

Нафтавае пытанне застаецца на кантролі. Менавіта таму ў такім складзе палітычнаму і эканамічнаму штабу трэба будзе сустракацца і надалей. Не ведаем, ці ўдалося перадаць рабочы дух гэтай нарады (менавіта такой яна і была), прайшліся па ўсіх праблемных момантах беларускай нафтавай галіны. Урад, вядома, не ў ружовых акулярах, але, думаю, словы Прэзідэнта гучалі выцверажальна. Жыццё  чарговы раз паказвае, што ў энергетычных пытаннях варта разлічваць перш за ўсё на сябе.