Прэзідэнт Беларусі прагаласуе на выбарчым участку № 1

23 марта 2014
Сёння ўвесь дзень нашы журналісты працуюць на выбарчых участках па ўсёй краіне. Самая аператыўная інфармацыя - у нашых інфармацыйных выпусках. Наш карэспандэнт знаходзіцца на адным з выбарчых участкаў Мінска.

І прама зараз на сувязь са студыяй выходзіць Сяргей Гусачэнка.

Зараз мы знаходзімся на выбарчым участку № 1 Вяснянскай выбарчай акругі. Размяшчаецца ён у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Як і больш за 6 тысяч участкаў па ўсёй краіне, гэты расчыніў свае дзверы а восьмай гадзіне раніцы. Зрэшты, члены выбарчай камісіі прыйшлі на рабочае месца крыху раней і загадзя падрыхтавалі бюлетэні, урны для галасавання і кароткую інфармацыю пра кандыдатаў. Нягледзячы на ранні час, пакуль мы рыхтаваліся да выхаду ў эфір, некалькі дзясяткаў чалавек ужо паспелі прагаласаваць, апусціўшы бюлетэнь ва урну.

Зрэшты, зараз тут нешматлюдна. Усё ж нядзельная раніца і насельніцтва ажывіцца крыху пазней. Сумнявацца не прыходзіцца.

Наконт гэтага можна меркаваць зыходзячы з працэдуры датэрміновага галасавання, якая стартавала 18 сакавіка і ўчора завяршылася. Прайшла яна больш актыўна ў параўнанні з аналагічнай кампаніяй 2010 года - гэта канстатавалі ў ЦВК. Выканаць грамадзянскі абавязак паспеў кожны чацвёрты беларус. У большай ступені гэта студэнты і моладзь, зрэшты, і іншыя катэгорыі грамадзян, якія па розных прычынах не могуць прыняць удзел у галасаванні сёння. Дарэчы, датэрмінова прагаласавалі і члены Цэнтрвыбаркама. Для іх 23 сакавіка - дзень асабліва напружаны.

А вось Прэзідэнт Беларусі выканае грамадзянскі абавязак сёння. Праз некалькі гадзін Аляксандр Лукашэнка прыбудзе сюды, на выбарчы ўчастак № 1 Вяснянскай выбарчай акругі, і зробіць свой выбар.

Выбаршчыкаў падчас гэтай кампаніі ў Беларусі амаль 7 мільёнаў. Дэпутацкіх мандатаў, калі быць дакладным, 18 тысяч 816. На іх прэтэндуюць больш чым 22 тысячы кандыдатаў. Амаль траціну прадстаўляюць сферы адукацыі, культуры, навукі і аховы здароўя.

Традыцыйна найбольш сур'ёзная барацьба за дэпутацкае крэсла разгорнецца ў сталіцы. У рэгіёнах канкурэнцыя меншая.

За ходам галасавання сёння будуць сачыць амаль 10 тысяч нацыянальных назіральнікаў, а таксама акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты. Так што беларусам застаецца прыйсці на ўчастак і аддаць голас за свайго кандыдата, які пасля будзе прадстаўляць інтарэсы ў органах улады. Дэпутатам мясцовых Саветаў у тым ліку вызначаць палітыку і эканоміку нашай краіны.