Аб стратэгічным супрацоўніцтве Мінска і Каракаса

4 октября 2017

Прынцыпы ўзаемадапамогі, улік агульных інтарэсаў - гэта правераная на практыцы аснова паспяховых міждзяржаўных адносін. Але калі дадаецца яшчэ і моцнае сяброўства лідараў - шлях да стратэгічнага партнёрства краіны пераадольваюць куды хутчэй. І адлегласць амаль 10 тысяч кіламетраў паміж сталіцамі перастае быць перашкодай. Заўтра ў Мінск з афіцыйным візітам прыбывае прэзідэнт Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Нікалас Мадура. Цырымонію афіцыйнай сустрэчы можна будзе ўбачыць у 11:00 у прамым эфіры на сайце tvr.by і на YouTube-канале Белтэлерадыёкампаніі. Як плануецца, у Палацы Незалежнасці кіраўнікі дзяржаў сустрэнуцца ў фармаце сам-насам, затым у пашыраным складзе з удзелам дэлегацый. Спіс тэм да абмеркавання шырокі.

Аб стратэгічным супрацоўніцтве Мінска і Каракаса - Анатоль Ліпецкі.

Узаемная цікавасць Мінска і Каракаса - жывая і непадробленая. І падтрымліваць яе такой дапамагаюць і візіты на вышэйшым узроўні. Магчымасць паставіць напрамую пэўныя пытанні, расставіць акцэнты, знайсці рашэнне - гэта прасцей і лягчэй зрабіць пры асабістай сустрэчы, чым пасродкам тэлефоннай гутаркі.

20 гадоў Мінск і Каракас звязаныя дыпламатычнымі адносінамі, але развіццё палітычных кантактаў і эканамічнага ўзаемадзеяння здарылася не адразу.

2006 год. Гістарычны візіт Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса ў Беларусь надаў адзін з першых імпульсаў. Усяго камандантэ Чавес наведаў нашу краіну пяць разоў. Аляксандр Лукашэнка ў Венесуэле з афіцыйнымі візітамі быў тройчы.

Пра высокі клас вынікаў беларускай працавітасці ў Венесуэле ведаюць выдатна. Краіна выбрала курс на мадэрнізацыю і дыверсіфікацыю эканомікі - і Беларусь у гэтым плане прапануе свае сучасныя напрацоўкі.

Тым больш што Венесуэла адкрывае шлях і да іншых краін кантынента. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас першай сустрэчы з прэзідэнтам Мадурам летам 2013 у Мінску.

Беларусь прыйшла ў рэспубліку для аказання дапамогі ў развіцці. І зараз наша краіна там шырока прадстаўленая. Пастаўкі тэхнікі, тэхналогій, навука, будаўніцтва жылля, сельская гаспадарка, сумесная здабыча нафты і газу, гандаль каліем, зборачныя вытворчасці - актыўных кірункаў супрацоўніцтва шмат.

Алег Пафераў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Венесуэле: "Пабудавалі завод цагельны - 25 мільёнаў цаглін за год. Гэта сферы, якімі займалася вытворчасць. Зараз будуецца завод па ўтылізацыі акумулятарнай батарэі. У 15 годзе адкрыўся завод па зборцы цяжкай дарожнай тэхнікі. Вялікая сфера супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва жылля. Заключаны дагаворы на будаўніцтва 20 тысяч кватэр. Зараз ужо здадзена 7900 кватэр. Гэта даволі вялікая колькасць кватэр для насельніцтва".

Георгій Грыц, намеснік дырэктара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі: "Венесуэла - гэта наш стратэгічны партнёр. І партнёр не таму, што яна з'яўляецца донарам нашай эканомікі, гэта мы, хутчэй, з'яўляемся донарам венесуэльскай эканомікі праз шэраг праектаў. Венесуэла - краіна з пераходнай эканомікай, сыравінная краіна, і таму сёння трэба ўвязваць з санкцыённым спісам, які існуе ў частцы венесуэльскай эканомікі. Гэта сельская гаспадарка, будаўнічая галіна, таму што жыллёвая праблема адна з сур'ёзных у Венесуэле і, нарэшце, машынабудаванне. Менавіта ўсе тыя праекты, дзе заходнія кампаніі адмаўляюцца працаваць па тых ці іншых прычынах".

Квінтэсенцыя эканомікі, як вядома, - палітыка. Тут бакі дэманструюць не проста добры трэнд, а паказальны прыклад. Беларусь і Венесуэла на працягу ўсёй гісторыі двухбаковага супрацоўніцтва аказвалі і працягваюць аказваць адна адной падтрымку на міжнароднай арэне.

Аляксандр Шпакоўскі, палітычны аналітык: "У палітычным плане мы з'яўляемся саюзнікамі, мы ўсе выдатна памятаем, што асабістае сяброўства звязвала беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку і былога прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. Гэта былі адносіны не толькі асабістага сяброўства паміж кіраўнікамі дзяржаў, гэта былі моцныя саюзніцкія адносіны, падмацаваныя ідэалагічнай блізкасцю".

Актывізацыя работы ў напрамку Блізкага Усходу, Афрыкі, Азіі і, вядома, Лацінскай Амерыкі ў свой час аказалася вельмі дарэчы. Далёкая дуга знешняй палітыкі Мінска закліканая стаць істотным дапаўненнем да вядучых замежных партнёраў Беларусі ў палітычнай і эканамічнай сферах. І намаганні ў гэтым напрамку не спыняюцца. Супрацоўніцтва з апорнымі пунктамі рэгіёнаў, якія толькі ўяўляюцца далёкімі, рэальна вывесці на ўзровень стратэгічнага партнёрства. Беларуска-венесуэльскія адносіны таму сведчанне.