Новы міністр, пасол, памочнік Прэзідэнта і старшыні райвыканкамаў - кадравы дзень у Палацы Незалежнасці

4 января 2024

Новы міністр, пасол, памочнік Прэзідэнта і старшыні райвыканкамаў - сёння кадравы дзень у Палацы Незалежнасці. Пасады атрымалі больш за дзесяць чалавек.

Так, закрыта вакансія кіраўніка галоўнага эканамічнага ведамства - міністрам прызначаны Юрый Чабатар, які раней займаў пасаду першага намесніка. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў гэтай кандыдатуры ёсць усё, каб арганізаваць работу міністэрства, у аснове якой павінна ляжаць выключна праўда.

Памочнікам Прэзідэнта па Віцебскай вобласці стаў Сяргей Ляўковіч, экс-старшыня Мінскага аблвыканкама. Яму, па словах Аляксандра Лукашэнкі, трэба вывесці Віцебскі рэгіён на ўзровень перадавых па краіне. Асаблівая ўвага, як анансуе новы памочнік, будзе нададзена сферы АПК.

Міхаіл Касько ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі камандзіраваны ў Індыю (дагэтуль ён займаў пасаду старшыні канцэрна "Беллеспаперпрам"). На новай пасадзе Касько трэба будзе стварыць падмурак нашых адносін з Індыяй па асноўных напрамках. Сярод іх, напрыклад, фарміндустрыя і тэхналогіі.

Пажаданне Прэзідэнта кожнаму - адказнае стаўленне да справы і ўпор на развіццё эканомікі, а таксама сумленнасць.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка хацеў бы бачыць актыўную ролю Міністэрства эканомікі. Аб гэтым ён заявіў, прызначаючы Юрыя Чабатара на пасаду міністра.

Змяненні і ў мясцовай вертыкалі ўлады. Новыя старшыні ў Віцебскім і Маладзечанскім раёнах.

Новы гендырэктар на БелАЭС - на гэтую пасаду ўзгоднены Сяргей Бабовіч (раней - намеснік дырэктара станцыі).

Закрыта і вакансія першага намесніка міністра транспарту і камунікацый, а таксама заняты квотныя пасады ў Эканамічным судзе СНД і ўпраўленнях АДКБ.