Тыдзень вялікай палітыкі ў Мінску

23 октября 2013

Беларуская сталіца ўжо гатовая прыняць адразу некалькі найважнейшых палітычных падзей года. Наступныя два дні, як чакаецца, стануць вызначальнымі ў далейшым развіцці ўсёй еўразійскай інтэграцыі. Два найбуйныя саміты - пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета і кіраўнікоў дзяржаў СНД - прыме ў чацвер і пятніцу Мінск. Статус гэтага года - сталіца Садружнасці - да многага абавязвае, дзверы перад высокімі гасцямі расчыніць новы Палац Незалежнасці. Далей парадак дня. Год пад старшынствам Беларусі атрымаўся вельмі прадукцыйным, і пасяджэнне ў пятніцу стане яго ключавым і кульмінацыйным момантам. Зразумела, што значэнне падзеі надаецца асаблівае. Стратэгічных рашэнняў аналітыкі і эксперты чакаюць і ад заўтрашняга пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета, ён пройдзе спачатку ў вузкім, а затым у пашыраным складзе. Пра гатоўнасць да мерапрыемстваў, парадак дня і меркаваныя акцэнты рэпартаж Святланы Канапацкай.


Тыдзень вялікай палітыкі ў Мінску. Беларуская сталіца сустракае ўдзельнікаў самітаў. Першымі прыбываюць міністры замежных спраў краін Садружнасці. Заўтра ў будынку Прэзідэнт-гатэля адбудзецца пасяджэнне Савета міністраў. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў разгледзяць 18 праектаў дакументаў, што датычацца розных аспектаў узаемадзеяння ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў.


Пасля таго як міністры звераць усе пазіцыі і літаральна ўзгодняць кожную коску, праекты дакументаў трапяць на зацвярджэнне кіраўнікоў дзяржаў. Іх змест стане прадметам абмеркавання на саміце СНД 25 кастрычніка.


Пра гатоўнасць да саміту прэзідэнта напярэдадні паінфармаваў Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. Ён сказаў, што сталіца СНД - Мінск - у поўнай гатоўнасці да пачатку працы. Парадак дня звярстаны. У ім 14 пытанняў, што ахопліваюць усе сферы дзейнасці СНД. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць сумесныя праграмы ў сферы бяспекі. Іх 4. Праграма па барацьбе з тэрарызмам і іншымі насільнымі праявамі экстрэмізму, разлічаная да 2016 года, праграма супрацоўніцтва ў барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і па процідзеянні наркаманіі. Абмяркуюць кіраўнікі дзяржаў і меры па барацьбе са злачыннасцю да 2018 года, а таксама праграму аб супрацоўніцтве дзяржаў - удзельнікаў СНД у барацьбе з гандлем людзьмі на гэты ж перыяд. Цэлы блок пытанняў будзе звязаны з супрацоўніцтвам у гуманітарнай сферы. Гэта і маладзёжная палітыка, і сфера культуры, развіццё турызму. Важная тэма - 70-годдзе Перамогі. Ёсць ініцыятыва зацвердзіць 2015 год як Год ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.


Тэму інтэграцыі краін Садружнасці, Мытнай тройкі і будучыні Еўразійскага саюза Прэзідэнт абмеркаваў з кіраўнікамі вядучых СМІ, якія прыбылі ў Мінск напачатку тыдня. Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё бачанне будучыні СНД і падзяліўся чаканнямі ад маючых адбыцца самітаў.


Мінскія саміты ўжо зараз многія аналітыкі адносяць да знакавых падзей у інтэграцыйным руху. У год старшынства Беларусі ў СНД было ініцыявана больш за 70 мерапрыемстваў эканамічнага, экалагічнага, гуманітарнага і міжрэгіянальнага характару. А дэвіз года - Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне павышэнню даступнасці экалагічных зялёных тэхналогій, пашырэнне дыялогу культур.



Ужо заўтра пачне працаваць Вышэйшы еўразійскі эканамічны савет. У цэнтры ўвагі саміту будзе пытанне пераходу на новую ступень інтэграцыі - да Еўразійскага эканамічнага саюза. Ён павінен запрацаваць з 2015 года. Зараз у стадыі распрацоўкі праект пагаднення аб стварэнні Еўразійскага саюза.


Падчас абмеркавання падрыхтоўкі да Еўразійскага саміту Аляксандр Лукашэнка выказаў свой прагноз наконт характару маючай адбыцца размовы.


Мінскія саміты адкрыюць новыя старонкі не толькі ў гісторыі інтэграцыйных аб'яднанняў, але і стануць першымі старонкамі ў гісторыі новага Палаца Незалежнасці, дзе і будуць праходзіць усе гэтыя знакавыя падзеі.