На 110 месцаў у ніжняй палаце прэтэндуюць 484 кандыдаты

11 сентября 2016

У Брэсцкай вобласці за дэпутацкае крэсла змагаюцца 64 чалавекі, столькі ж у Віцебскай. На аднаго кандыдата больш у Гомельскай вобласці. Гродзенская будзе выбіраць дэпутатаў з 56 прэтэндэнтаў. Мінская - з 55. У Магілёўскім рэгіёне вобласці на дэпутацкае крэсла прэтэндуюць 68 чалавек. Больш за ўсё кандыдатаў у дэпутаты ў Мінску - 112.

Хто яны, які іх палітычны і сацыяльны статус. Профіль і анфас будучага парламента вывучыў Аляксей Адашкін.

Авальная зала беларускага парламента. Пакуль тут нязвыкла ціха, але ўжо ў кастрычніку абноўлены склад Палаты прадстаўнікоў збярэцца на восеньскую сесію. Але перш чым тут пачнуць абмяркоўваць законапраекты, беларусам трэба будзе выбраць тых, ад каго будзе залежаць не толькі жыццё канкрэтнага дома або вуліцы, але і краіны ў цэлым. На адно такое крэсла ў Авальнай зале прэтэндуюць больш за 4 чалавекі.

Сімпатыі выбаршчыкаў спрабуюць заваяваць амаль пяць сотняў кандыдатаў. Гэта робіць цяперашнюю кампанію самай актыўнай за апошні час.

Сёння конкурс на пападанне ў парламент - 4,4 чалавека на месца. У 2012 гэта лічба складала 3,4 кандыдата. А ў 2008 была яшчэ меншай - 2 з паловай чалавекі на адно крэсла заканадаўца.

Ёсць і рэкорды. У Мінску, напрыклад, на адзін дэпутацкі мандат прэтэндуюць у сярэднім па 6 чалавек адначасова. Пры гэтым амаль дзве траціны кандыдатаў на выбарах-2016 знаходзяцца ў якой-небудзь партыі. Дзесяць палітычных арганізацый дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў на барацьбу за галасы беларусаў. Дэпутацкая праца больш за ўсё прываблівае мужчын. Больш за 75 % прэтэндэнтаў адносяцца да моцнага полу. Кожны дзясяты кандыдат даволі малады і адносіцца да групы тых, каму яшчэ не споўнілася 30 гадоў. Пасля выбараў можа адбыцца істотнае абнаўленне складу парламента.

Бо толькі 5,7 % з ліку ўсіх прэтэндэнтаў складаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання. 17,5 % ад усёй колькасці кандыдатаў працуюць на рэальны сектар эканомікі - прамысловасць, транспарт і будаўніцтва. Амаль столькі ж і прадстаўнікоў сферы адукацыі, навукі, культуры і аховы здароўя. Кожны дзясяты з ліку прэтэндэнтаў працуе ў дзяржорганах. Амаль 7 % зараз займаюцца бізнесам.

Як звычайна, вялікую цікавасць да выбараў выяўляюць журналісты. Акрэдытавана для асвятлення гэтай палітычнай кампаніі каля сямі сотняў рэпарцёраў з розных краін свету.

Як заўсёды, адна з асноўных характарыстык выбараў у Беларусі - гэта адкрытасць. Больш за восем сотняў замежных экспертаў сочыць за ходам гэтай электаральнай кампаніі. Да гэтай лічбы можна дадаць яшчэ больш за 35 тысяч нацыянальных назіральнікаў. Як заўсёды вырашальнае слова, больш дакладна, вырашальны голас - у выбаршчыкаў. Менавіта нам сёння трэба будзе выбраць сваіх прадстаўнікоў у парламенце.