Майстар скрыпічнай імправізацыі Геза Хасу-Легоцкі ў Мінску

6 марта 2015

Майстар скрыпічнай імправізацыі з цыганскімі каранямі і ўладальнік "Грэмі" ў Мінску. Ужо сёння вечарам сусветна вядомы музыкант выступіць у Белдзяржфілармоніі. Знакаміты інструменталіст прывёз у сталіцу і сапраўдны рарытэт. Усе падрабязнасці ў Ніны Мажэйкі.

Чорная машына, але не таніраванае шкло. Музыкант з сусветным імем, уладальнік "Грэмі" Геза Хасу-Легоцкі не любіць празмернай увагі. Практычна незаўважаным праходзіць праз ахову ў грымёрку. У футарале скрыпка. Дарэчы, калі ўлічыць цыганскія карані Гезы, то адразу зразумела: чахол для інструмента, як дом - фатаграфіі блізкіх, калег. Такое яно качавое жыццё музыканта. Учора Амстэрдам, сёння Мінск.

Геза Хасу-Легоцкі, музыкант (Швейцарыя): "Старажытныя скрыпкі вельмі адчувальныя да ўмоў надвор'я. Як, напрыклад, скрыпка Страдывары, або вось гэтая. Я быў у Мексіцы, там вельмі горача, а туды я прыехаў з Казахстана, дзе зараз надвор'е прыкладна такое ж, як у Мінску. Такія тэмпературныя перапады ўплываюць на інструмент".

Перад рэпетыцыяй з камерным аркестрам ёсць некалькі хвілін на то, каб настроіць інструмент. Хаця скрыпка фларэнтыйцаў братоў Каркасі 1764 года лёгка паддаецца прафесіяналу.

На сцэну філармоніі Геза прыходзіць як на родную. Музыканту не прывыкаць імправізаваць. Яшчэ ў 13 гадоў утварыў уласны калектыў народных інструментаў 5 devils. Выканаць можа і Моцарта, і Бетховена. Не патрэбныя нават ноты – іграе на слых. Толькі б інструмент быў пад рукой.

Рарытэт такога ўзроўню і ўнікальных параметраў упершыню пачуюць і беларускія меламаны. Да таго ж скрыпка братоў Каркасі выканае ключавыя партыі ў суправаджэнні камернага аркестра. На сцэне Белдзяржфілармоніі адразу два віртуозы - Бушкоў і Хасу-Легоцкі.

Практычна ўсе назвы пятнічнай праграмы вясновыя. Канцэрты Вівальддзі і П'яцолы ў першым аддзяленні, Чайкоўскі і Грыг - у другім. Этнічная прыналежнасць госця падкрэсленая румынскімі народнымі мелодыямі ў суправаджэнні цымбалаў.

Яўген Бушкоў, галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі, заслужаны артыст Расіі: "Мне адразу ж захацелася запрасіць гэтага вельмі неардынарнага і па-свойму вельмі асаблівага музыканта, таму што ў ім ёсць нейкі складнік, які робіць яго сапраўды вельмі непадобным на ўсіх астатніх. Ёсць шмат віртуозных скрыпачоў, ёсць шмат скрыпачоў, якія іграюць розныя стылі музыкі, але мне здаецца, што не ва ўсіх ёсць нейкая асаблівая сардэчная рыса і такі гарачы тэмперамент, як у гэтага музыканта".

Вібрата скрыпкі Каркасі ў выкананні ў мінулым уладальніка Страдывары. Канцэрт з прыстаўкай "гала" ўжо ў пятніцу вечарам.