Лукашэнка падпісаў закон аб асновах грамадзянскай супольнасці і папраўкі ў законы аб дзейнасці партый

15 февраля 2023

Прэзідэнт Беларусі падпісаў Закон "Аб асновах грамадзянскай супольнасці". Ён вызначае асаблівыя формы ўзаемадзеяння дзяржорганаў і суб'ектаў грамадзянскай супольнасці: абранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, збор і выпрацоўка прапаноў на абмеркаванне УНС, удзел у рэалізацыі яго рашэнняў. Правам на ўзаемадзеянне з дзяржорганамі ў асаблівых формах надзяляюцца суб'екты грамадзянскай супольнасці, што зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, і маюць абласныя і мінскую гарадскую арганізацыйныя структуры, якія валодаюць колькасцю не менш як 100 тысяч паўналетніх грамадзян.

Таксама кіраўнік дзяржавы падпісаў папраўкі ў законы аб дзейнасці палітычных партый. Дакумент вызначае ўніверсальныя асноўныя мэты і задачы палітычных партый. Яны павінны быць замацаваныя ў іх статутах нараўне з іншымі, спецыфічнымі для кожнай партыі. Паводле дакумента, змяняюцца ўмовы стварэння і дзейнасці палітычных партый. У прыватнасці, павялічваецца мінімальны парог колькасці заснавальнікаў да 5 тысяч чалавек, усталёўваецца абавязковая наяўнасць аргструктур ва ўсіх рэгіёнах і сталіцы, а таксама ў некалькіх раёнах кожнай з абласцей і Мінска. Мінюст на працягу 6 месяцаў пасля ўступлення закона ў сілу павінен перарэгістроўваць палітычныя партыі. Дзейнасць партый, што не прайшлі перарэгістрацыю і не прынялі рашэнне аб ліквідацыі, будзе спыненая па рашэнні Вярхоўнага суда. Рэспубліканскія аб'яднанні павінны мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях Беларусі і Мінску, міжнародныя - не толькі за мяжой, але і ў нашай краіне.