У Нью-Ёрку працягваецца саміт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый

28 сентября 2015

Сёння чакаецца выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў агульнай дыскусіі на юбілейнай, 70-й сесіі Генасамблеі ААН. Кіраўнік дзяржавы прадставіць падыходы Беларусі да рашэння найбольш вострых міжнародных праблем. Аб шляхах выхаду з сусветнага крызісу, выкараненні беднаты, аб бяспецы гавораць у Нью-Ёрку і ў кулуарах, і на двухбаковых сустрэчах лідараў. Абмяркоўваюць і рэзананснае выступленне Прэзідэнта Беларусі на пленарным пасяджэнні напярэдадні. З трыбуны Генасамблеі ААН Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра мір, без якога немагчыма развіццё любога народа ў цэлым і кожнага чалавека ў прыватнасці, пра шматпалярнасць і прадухіленне ваенных канфліктаў. Прамова беларускага лідара была шчырай і эмацыянальнай, пра сусветныя праблемы Кіраўнік дзяржавы гаварыў прама і нават жорстка. Але гэта - як раз тыя пытанні, дзе жорсткасць апраўдана жыццямі людзей. Узяць хоць бы сітуацыю ва Украіне. Гэтую тэму закранулі ўжо на сустрэчы з генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам. Падрабязнасці насычаных працай дзён у Нью-Ёрку - у Аляксея Адашкіна.

Гэтая скульптура з назвай "Дабро перамагае зло" з'явілася на ўваходзе ў штаб-кватэру ААН у 1990 годзе. Яна стала сімвалам заканчэння халоднай вайны. Манумент створаны з фрагментаў дэмантаваных амерыканскіх і савецкіх ракет "Першынг-2" і СС-20. Амаль праз тры дзесяцігоддзі да юбілейнага саміту ААН свет прыйшоў раз'яднаным і падзеленым як ніколі раней. І беларуская дэлегацыя ў Нью-Ёрку скарысталася трыбунай Генасамблеі, каб звярнуць увагу на рост глабальных пагроз.

Юбілейная, 70-я Генасамблея ААН магла прайсці проста як святочнае і прадстаўнічае мерапрыемства. Аднак свет не стаў больш спакойным. Хутчэй, наадварот. Старыя канфлікты не згасаюць, з'яўляюцца на планеце і новыя гарачыя пункты. Нават у Еўропе, ва Украіне, разгарэліся сапраўдныя баявыя дзеянні. За тым, што адбываецца за акіянам, уважліва сочаць і на Амерыканскім кантыненце. І тут не выпускаюць з-пад увагі спробы Беларусі вярнуць мір у Еўропу.

Тры дні ў штаб-кватэры ААН на Манхэтэне прадстаўнікі 193 краін планеты абмяркоўвалі, як будзе змяняцца свет найбліжэйшыя 15 гадоў. На глабальным саміце прынялі праграму ўстойлівага развіцця. Адзін з яе дэвізаў - "Не пакінуць нікога ззаду". Узгадненне дакумента ішло тры гады. План утрымлівае 17 фундаментальных мэт. Ён прадугледжвае, у тым ліку, поўнае знішчэнне беднаты і сацыяльнай няроўнасці, істотнае паляпшэнне экалагічнай сітуацыі, садзейнічанне эканамічнаму росту. Прэзідэнт Беларусі выступіў у заключны, самы важны дзень саміту. Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра ваенныя канфлікты апошніх гадоў і заклікаў дабівацца аднаўлення балансу і даверу на міжнароднай арэне. Кіраўнік дзяржавы заявіў на галоўнай трыбуне планеты, што ААН не павінна выкарыстоўвацца для дэманстрацыі нечай сілы.

Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў, што на міжнароднай арэне сёння - крызіс адказнасці. Імгненныя выгады вяршэнствуюць пры прыняцці многіх рашэнняў, і таму патрэбныя палітыкі, гатовыя дзейнічаць у інтарэсах усёй планеты. Беларускі Прэзідэнт заявіў, што менавіта зараз прыйшоў час аднавіць давер і аб'яднацца, толькі так можна гарантаваць мір і бяспеку.

Рані Хонг, спецыяльны саветнік ААН: "Што мяне асабліва натхніла ў выступленні беларускага Прэзідэнта, дык гэта тое, што ён не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі і гаварыць адкрыта аб праблемах. Ён сказаў: мы павінны рабіць больш, мы павінны пачаць дзейнічаць. Такія заявы з трыбуны ААН заслугоўваюць павагі. Яны раскрываюць дух беларускага народа, яго лідарскую сілу. Мне было вельмі прыемна знаходзіцца ў зале і слухаць такую яркую прамову".

Меркаванне беларускага Прэзідэнта наконт сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны выслухаў і Генеральны сакратар ААН на сустрэчы сам-насам з Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзідэнт нашай краіны адзначыў неабходнасць прыняцця тэрміновых і рашучых мер, накіраваных на спыненне ваенных дзеянняў у суседняй дзяржаве. Інакш канфлікт можа разрасціся на ўсю тэрыторыю Еўропы. Пан Гі Мун падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за канструктыўную ролю ў пошуку вырашэння праблемы ва Украіне. Галоўны чалавек у самай прадстаўнічай арганізацыі планеты адзначыў, што Мінск стаў сімвалам міру. Пасля завяршэння перамоў з Пан Гі Мунам беларускі лідар пакінуў запіс у Кнізе ганаровых суразмоўцаў Генеральнага сакратара ААН.

Пан Гі Мун з'яўляецца восьмым Генеральным сакратаром Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. У гэтыя дні ён, бадай, самы заняты ўдзельнік глабальнага саміту. У графік Пан Гі Муна ўнесена прыкладна 230 мерапрыемстваў на гэтыя дні. Такую высокую пасаду гэты кар'ерны дыпламат з Паўднёвай Карэі заняў у 2007-м. У наступным годзе адбудуцца новыя выбары лідара ААН. Пан Гі Мун асаблівую ўвагу надае павышэнню эфектыўнасці арганізацыі. Праславіўся тым, што прыняў шэраг мер, накіраваных на павелічэнне празрыстасці працы ААН. Сярод іх, напрыклад, увядзенне жорсткіх патрабаванняў па публікацыі звестак аб даходах супрацоўнікаў і агалоска дагавораў, якія заключае арганізацыя. У 2011-м Пан Гі Мун ініцыіраваў рэформу сакратарыята ААН і скарачэнне бюджэту. Але, зразумела, асноўныя намаганні Генеральнага сакратара накіраваныя на ўрэгуляванне канфліктных сітуацый у свеце, колькасць якіх не змяншаецца. Пра гэта Генеральны сакратар гаварыў і сёння на адкрыцці так званага тыдня высокага ўзроўню.

Следам за Пан Гі Мунам выступіла Прэзідэнт Бразіліі Дзілма Русеф. Права выступаць першай з лідараў за трыбунай ААН гэтая лацінаамерыканская краіна атрымала на самай першай сесіі Генасамблеі. Тады на агульнапалітычнай дыскусіі менавіта дэлегат Бразіліі рашыўся першым узяць слова.

Павышаная ўвага сусветнай прэсы сёння прыкаваная да выступленняў у ААН Барака Абамы і Уладзіміра Пуціна. Ад лідараў ЗША і Расіі, якія сёння ж правядуць і першую за два гады двухбаковую сустрэчу, чакаюць прыняцця рашучых мер, якія дазволяць прадухіліць вяртанне новай халоднай вайны.

Да глабальнай дыскусіі ў першы ж дзень тыдня высокага ўзроўню далучаецца і Беларусь. Крыху пазней сёння з трыбуны Генасамблеі выступіць і Аляксандр Лукашэнка. Мяркуючы па рэзананснай прамове беларускага лідара, якая была вымаўленая напярэдадні, і сёння Прэзідэнт гучна і пераканаўча агучыць беларускія ініцыятывы. З-за сямігадзіннай розніцы ў часе гэта адбудзецца ўжо ўначы.

На Генасамблеі ААН дыялог паміж рознымі краінамі вядзецца не толькі ў сценах галоўнай залы пасяджэнняў і на цэнтральнай трыбуне. Сусветныя лідары свой візіт у Нью-Ёрк максімальна насычаюць асабістымі кантактамі са сваімі калегамі-прэзідэнтамі і кіраўнікамі ўрадаў. Чакаецца, што падчас юбілейнай Генасамблеі пройдзе больш за паўтары тысячы такіх сустрэч высокіх гасцей. У будынку на Іст-Рывер абсталявалі чатыры дзясяткі спецыяльных памяшканняў для канфідэнцыяльных перамоў сусветнай палітычнай эліты.

Напярэдадні адбылася па-сапраўднаму цёплая размова Аляксандра Лукашэнкі з пажылым Раулем Кастра, старшынёй Дзяржсавета і Савета міністраў Кубы, адным з самых уплывовых палітыкаў Лацінскай Амерыкі, які яшчэ не страціў рэвалюцыйнага запалу і тэмпераменту.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з яшчэ адным яркім лацінаамерыканскім лідарам. Прэзідэнт Беларусі правёў перамовы з кіраўніком Эквадора. Аляксандр Лукашэнка і Рафаэль Карэа Дэльгада абмеркавалі двухбаковыя гандлёва-эканамічныя адносіны. Эканоміка Эквадора нагадвае венесуэльскую, таму ёсць магчымасці па папулярызацыі беларускай тэхнікі, арганізацыі сумесных праектаў у сферы будаўніцтва, здабычы нафты, транспарту і адукацыі. Летась сумесны тавараабарот паміж нашымі краінамі склаў крыху больш за 35 мільёнаў долараў. І гэтая лічба можа істотна павялічыцца.

У штаб-кватэры ААН Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы і з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека. Гэтую пасаду зараз займае Зейд Раад Аль-Хусейн, які з'яўляецца членам кіруючай каралеўскай дынастыі Іарданіі. Прэзідэнт адзначыў, што беларускі бок з вялікім задавальненнем супрацоўнічае з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Наша краіна вядзе актыўную работу для пасоўвання сваіх ініцыятыў па барацьбе з гандлем людзьмі і нелегальным абаротам чалавечых органаў, па захаванні традыцыйнага інстытута сям'і.

На палях саміту ў ААН Аляксандр Лукашэнка сустрэўся і з адным з еўрапейскіх лідараў. Прэзідэнт Беларусі правёў перамовы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыйскай Рэспублікі Хайнцам Фішэрам. Аляксандр Лукашэнка двойчы наведваў Аўстрыю - у 1996-м і ў 2002-м. У маі 2015-га ў Мінск прылятаў кіраўнік МЗС Аўстрыі. Гэтая краіна з'яўляецца важным інвестарам у эканоміку нашай краіны. Летась было прыцягнута больш чым паўмільярда долараў аўстрыйскіх капіталаў. Зараз у Беларусі рэалізуюцца чатыры буйныя сумесныя праекты з удзелам бізнесменаў з гэтай краіны. Сярод іх супрацоўніцтва ў дрэваапрацоўцы, вытворчасці будматэрыялаў і ў транспартнай сферы.

Адбылася і двухбаковая сустрэча Прэзідэнта Беларусі з лідарам адной з самых уплывовых і эканамічна развітых краін Афрыкі. Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Прэзідэнтам Егіпта Абдулам-Фатахам Аль-Сісі.

Двухбаковыя сустрэчы беларускага Прэзідэнта прадоўжацца і ў больш нефармальных абставінах. Сёння Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел у абедзе ад імя Генеральнага сакратара ААН. А ўвечары Кіраўнік дзяржавы запрошаны на прыём ад імя Прэзідэнта ЗША ў гонар кіраўнікоў дэлегацый на 70-й Генасамблеі.