Лукашэнка пра сітуацыю ў свеце: Дай бог спыніцца, каб да трэцяй сусветнай вайны не падысці

13 октября 2023

Нам нельга дапусціць раз'яднання краін СНД. Трымацца адна адну заклікаў наш Прэзідэнт на саміце Садружнасці. Сёння яго прымае Кыргызстан на правах старшыні ў аб'яднанні. У Бішкек прыбылі лідары сямі дзяржаў. Апроч Аляксандра Лукашэнкі, гэта яшчэ кіраўнікі Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

Беларускі лідар выказаў пазіцыю нашай краіны па актуальных пытаннях узаемадзеяння ў рамках Садружнасці. Наш Прэзідэнт перакананы, што захаваць сувязі паміж нашымі дзяржавамі пасля развалу вялікай краіны было галоўнай мэтай СНД. І галаўным болем Захаду. Бо як раней, так і сёння апаненты не пакідаюць спроб аслабіць і падпарадкаваць сваім інтарэсам постсавецкія дзяржавы. Быць разам у цяперашні няпросты час - значыць, не ісці на повадзе ў калектыўнага Захаду.

Сёння ў свеце высокі запыт на аб'яднанні, якія ідуць па шляху ўмацавання супрацоўніцтва, мірнага суіснавання, ліківідацыі дыскрымінацый па розных прыкметах. І СНД адно з такіх. Таму сёння так цэніцца Садружнасць, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Да яе сёння прыглядаюцца і іншыя аб'яднанні. Беларусь вітае такую цікавасць. Наша краіна заўсёды была прыхільніцай спалучэння розных інтэграцый з сугучнымі мэтамі. Галоўнае - падтрымліваць адна адну, а не чыніць перашкоды. Расце значнасць ШАС і БРІКС. Цеснае супрацоўніцтва здольна ўмацаваць нашы пазіцыі. Гэта дазваляе моцна стаяць на нагах ва ўмовах сусветнай турбулентнасці і санкцыйнага націску.

На будучыню ўжо зроблена шмат. Садружнасць падтрымлівае мірныя інвестыцыі ў навуку, біятэхналогіі, штучны інтэлект, у той час калі Захад марнуе вялізныя рэсурсы на вайну. Так, не без праблем і ў нашым рэгіёне. Але ўсе складанасці трэба вырашаць разам. Наш Прэзідэнт запэўніў, што гарантам нашага ўстойлівага і бяспечнага развіцця будзем толькі мы самі. Трэба толькі забяспечыць самадастатковасць нашых эканомік. Для гэтага ўсё ёсць: і рэсурсы, і кампетэнцыі. Але неабходна палітычная воля лідараў і разуменне важнасці фармату Садружнасці.