Хто працягне барацьбу за дэпутацкі мандат, стане вядома 18 студзеня

12 января 2018

Выбаркамы па ўсёй краіне пачалі праверку дакументаў вылучэнцаў на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Пад пільным кантролем у першую чаргу дэкларацыі аб прыбытках і падпісныя лісты. Хто працягне барацьбу за дэпутацкі мандат, стане вядома 18 студзеня. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю нашаму тэлеканалу распавяла кіраўнік Цэнтрвыбаркама. Паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, высокая канкурэнцыя ў Мінску - больш як 6 чалавек на месца. Аднак у некаторых рэгіёнах сітуацыя адваротная. Так, больш як 50 % акруг на Гродзеншчыне безальтэрнатыўныя. Значыць, там будзе ўсяго па адным кандыдаце ў дэпутаты. Гэты рэгіён на першым жа этапе кампаніі не выказваў актыўнасці, хоць адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп там не было. Пасіўныя ў цяперашняй перадвыбарнай гонцы таксама жыхары Віцебскай і Брэсцкай абласцей.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Калі гавораць аб тым, што няма конкурсу, тут трэба дакараць толькі сябе. Там, дзе (назавем рэчы сваімі імёнамі) улада папрасіла кагосьці вылучыцца, дапамагла, можа, групу дапамагла сфарміраваць, там ёсць кандыдат, а калі б і гэтага не было зроблена, я баюся, што ў нас былі б акругі, дзе наогул не было б ніводнага прэтэндэнта. У нас такое спажывецкае стаўленне: з аднаго боку, у нас насельніцтва патрабуе даць добрых дэпутатаў, але добрыя дэпутаты не з-за мяжы прыязджаюць, яны жывуць сярод нас з вамі. Вылучайцеся самі, вылучайце тых добрых людзей, якіх вы ведаеце. Проста многія не хочуць працаваць, не хочуць працаваць бясплатна".

Пра тое, хто і навошта ідзе на выбары, ці будуць жыццяздольныя мясцовыя выбары без удзелу ў іх працоўных калектываў і якая перадвыбарная гонка можа пачацца ўжо ў наступным годзе, - падрабязнасці ў нядзелю ў праграме "Галоўны эфір".