Канструктыўнае разнапланавае міжнароднае ўзаемадзеянне цалкам адказвае нацыянальным інтарэсам Беларусі

21 апреля 2016

Гэта думка сёння таксама прагучала ў Авальнай зале. І нібы ў пацвярджэнне шматвектарнасці памкненняў пазіцыю нашай краіны па супрацоўніцтве ў сферы барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў акрэсліў Міністр замежных спраў Уладзімір Макей на спецыяльнай сесіі Генасамблеі па сусветнай праблеме наркотыкаў. Акцэнт быў зроблены на ролі сям'і ў процідзеянні дадзенай праблеме. Таксама міністр прыцягнуў увагу ўдзельнікаў да неабходнасці пошуку эфектыўных шляхоў процідзеяння феномену новых псіхаактыўных рэчываў. У сакавіку Камісія ААН прыняла рэзалюцыю, прысвечаную гэтаму пытанню. Дакумент быў ініцыяваны Беларуссю сумесна з Аўстраліяй і ЗША.

Сёння Уладзімір Макей адкрыў у штаб-кватэры ААН фотавыставу, прысвечаную 30-годдзю чарнобыльскай катастрофы, і выступіў на пасяджэнні высокага ўзроўню Генасамблеі па выкананні мэт устойлівага развіцця. Заўтра, як чакаецца, міністр прыме ўдзел у цырымоніі падпісання Парыжскага пагаднення па клімаце. Кіраўнік беларускай дэлегацыі азнаёміць удзельнікаў мерапрыемстваў высокага ўзроўню з аспектамі выканання нацыянальнага плана па абмежаванні выкідаў парніковых газаў і прадставіць прапановы Беларусі па далейшых міжнародных дзеяннях у галіне клімату.