Гістарычны, дзейсны і па-братэрску дружалюбны

12 мая 2015

Завяршыўся трохдзённы афіцыйны візіт Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ў Беларусь. Гістарычны, каласальна дзейсны і па-братэрску дружалюбны… Менавіта такімі ключавымі фразамі характарызуюць цяперашні візіт. Партнёрства дзвюх краін выйшла на стратэгічна новы ўзровень. Вынікам знаходжання кітайскай дэлегацыі ў Беларусі сталі больш за 50 двухбаковых пагадненняў, два значныя крэдыты для нашай краіны і 800 мільёнаў юаняў дапамогі на рэалізацыю сацыяльных праектаў. 

У знак павагі і ў пацверджанне асаблівай значнасці падзеі Прэзідэнт Беларусі асабіста сустракаў і праводзіў высокага госця. А напярэдадні адлёту Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін разам наведалі Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Гэты праект завуць ключавым у гісторыі беларуска-кітайскіх адносін. "Вялікі камень" стане вузлавой платформай эканамічнага пояса "Новага шаўковага шляху", таму да пляцоўкі - асаблівая цікавасць. Лідарам дзвюх краін прэзентавалі праект парка. План развіцця замацавалі подпісы Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна. І сёння ж першыя 7 рэзідэнтаў атрымалі сведчанні аб рэгістрацыі.

Расказвае Сяргей Хамянтоўскі. Сёння ўзровень крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва Мінска і Пекіна набліжаецца да 20 мільярдаў долараў. Беларусь і Кітай ужо рэалізуюць дзясяткі сумесных праектаў.

У гэта цяжка паверыць, але ў 1995-м мы зараз ужо з найбуйнейшай эканомікай свету проста гандлявалі. Затое як. Патраенне за пяць гадоў. Пры гэтым апошнія 2 гады ўзаемны гандаль стабільна бярэ планку ў 4 мільярды долараў.

Але як часта гавораць палітыкі - патэнцыял не вычарпаны. Падрыхтаваныя мінскія дакументы дазволяць павялічыць сумесную эканоміку ў 2 разы. Галоўнае - мы пераходзім ад гандлю да інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Прыклады ўжо ёсць - "БелДжы" і "Вялікі камень". Беларусь гатовая стаць вузлавой платформай глабальнага праекта Кітая "Новы шаўковы шлях".

Яшчэ ў пачатку трохдзённага дзяржаўнага візіту палітыкі задалі высокую планку перамоў. Падпісаная дамова аб сяброўстве і супрацоўніцтве. А таксама сумесная дэкларацыя Беларусі і Кітая аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства. За лідарамі не адсталі міністры, банкіры і прамыслоўцы.

У першы дзень візіту кіраўніка Кітая падпісана крэдытных пагадненняў і мемарандумаў на 3,5 мільярда долараў.

Галоўным аператарам выдавання рэсурсаў становіцца Экспартна-імпартны банк Кітая, з якім падпісана рэкордная колькасць дакументаў - шэсць дамоў на суму звыш 1 мільярда долараў.

У яго ўваходзіць 300 мільёнаў долараў на будаўніцтва аўтамабільнага завода "БелДжы", камерцыйнае крэдытаванне праектаў Беларускай чыгункі на 175 мільёнаў долараў і рамачная дамова паміж БЧ і Эксімбанкам аб вылучэнні крэдыту да паўмільярда долараў. Асобным радком у фінансаванні прапісаны праект па мадэрнізацыі Аршанскага льнокамбіната.

Кіраўнікі дзвюх краін заклалі надзейную аснову для эканамічнай кааперацыі. Маштабны беларуска-кітайскі бізнес-форум стаў працягам. У Мінск прыехалі топ-менеджары звыш 160 кітайскіх карпарацый з цалкам канкрэтнымі намерамі інвеставаць у Беларусь. Узаемная выгада відавочная. Мы атрымліваем сучасныя вытворчасці. Кітай - выхад на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.

На першым глабальным бізнес-форуме ў Мінску вектары эканамічнага супрацоўніцтва наладжваліся ў разрэзе абласцей, правінцый і гарадоў. З Кітая прыбылі кіраўнікі 8-мі найбуйнейшых рэгіёнаў, якія фарміруюць ільвіную долю ВУП краіны.

Бізнесмены дамаўляліся, а эксперты працягвалі манетызаваць мінскія дамоўленасці.

Пад гарантыі ўрада Дзяржбанк развіцця Кітая падпісаў з Беларусбанкам і Банкам развіцця дзве 15-гадовыя крэдытныя лініі на суму 1 млрд. долараў.

Нацбанк Беларусі і Цэнтрабанк Кітая дамовіліся аб правядзенні двухбаковага валютнага свопу ў рублях і юанях на суму каля 1 мільярда 200 мільёнаў долараў.

Беларуская калійная кампанія з кітайскім прадпрыемствам "Сінахем" падпісалі мемарандум аб пастаўцы ў Кітай 4 мільёнаў тон калія на працягу пяці гадоў. Кошт кантракту каля 1,3 млрд. долараў.

Беларусбанк прыцягнуў крэдыт сумай да паўтара мільярда долараў для рэалізацыі праекта па будаўніцтве ў Беларусі горна-абагачальнага камбіната на сыравіннай базе Нежынскага ўчастку Старобінскага радовішча калійнай солі.

Гатоўнасць Пекіна павялічыць аб'ёмы крэдытнага і інвестыцыйнага фінансавання ў Мінску ўспрынялі пазітыўна. Гэтая навіна стала ледзь ці не самай абмеркаванай у кулуарах перамоў.

Частка гэтых сродкаў будзе накіраваная на будаўніцтва і ўладкаванне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Карпарацыя CMG гатовая інвеставаць самастойна. За 500 мільёнаў долараў пабудуюць "сухі док". Магутная лагістычная кампанія стане вузлавым элементам "Новага шаўковага шляху".

Афіцыйны старт будаўніцтву індустрыяльнага парка быў дадзены мінулым летам. Праект стагоддзя два лідары сёння праінспектавалі асабіста.

"Вялікі камень" праект - амбіцыйны. Нічога падобнага ў гісторыі незалежнай Беларусі яшчэ не было. Па размаху ён пераўзыходзіць нават зараджэнне Салігорска, у якім зараз жывуць 100 тысяч чалавек. Тэрыторыя інвестпляцоўкі - 80 квадратных кіламетраў. Для параўнання - гэта як тры гарады Маладзечна або самае вялікае возера краіны - Нарач. У індустрыяльным парку колькасць працуючых, паводле папярэдніх падлікаў, дасягне 120 тысяч. Усё дзякуючы выгаднаму геаграфічнаму становішчу.

Індустрыяльны парк раскрые патэнцыял Беларусі як злучнага звяна паміж усходам і захадам і стане цэнтрам прыцягнення інвестыцый і перадавых тэхналогій. Словам, менавіта тут будзе будавацца эканоміка будучыні. Сёння яго першыя рэзідэнты ў прысутнасці лідараў Беларусі і Кітая атрымалі адпаведныя дакументы.

Іх інвестыцыйны партфель перавышае паўмільярда долараў. Яшчэ 14 кампаній ужо хутка стануць адзіным цэлым "Вялікага каменя".

Карпарацыі-гіганты ZТЕ і "Хуавэй" ужо заявілі, што сёлета пачнуць будаўніцтва высокатэхналагічных вытворчасцяў. Сённяшні дзень для індустрыяльнага парка стане гістарычным. Пакінуць яго на памяць у сотнях фатаграфій і госці з Паднябеснай. Кіраўнікі найбуйнейшых кітайскіх карпарацый былі ў добрым настроі, дзяліліся ўражаннямі, а гэта відавочны знак паспяховых перамоў.

Індустрыяльны парк, безумоўна, ключавы беларуска-кітайскі праект. З яго дапамогай наша краіна здзейсніць тэхналагічны рывок. Паводле прагнозаў экспертаў, у будучыні "Вялікі камень" можа прыцягнуць дзясяткі мільярдаў долараў інвестыцый. Таму працу над паркам варта актывізаваць, лічыць Прэзідэнт. Бо пад ляжачы камень, як вядома, вада не цячэ.

На "Вялікім камені" завяршыўся дзяржаўны візіт у Беларусь кіраўніка Кітая. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста праводзіў высокага госця ў аэрапорт.

Сі Цзіньпін, Старшыня КНР: "Вельмі ўдалы візіт. Ён перасягнуў усе мае чаканні. Пры нашым з вамі цесным узаемадзеянні мы дабіліся вялікага ўзроўню супрацоўніцтва - стратэгічнага ўзаемадзеяння. Паглядзеўшы гэты парк, у мяне ўзнікла яшчэ вялікая ўпэўненасць, што ў нас вялізныя перспектывы. Што датычыцца канкрэтна парка, думаю, трэба правільна выбраць аб'екты, рэзідэнтаў для парка. Я вельмі добра правёў час у Беларусі, на вашай зямлі. Чакаю вас у верасні".

Візіт кітайскага лідара ў Беларусь ужо паспелі назваць гістарычным. І гэта не перабольшанне. Ён рубежны ў адносінах. За ім 20 гадоў карпатлівай працы і развіцця сувязяў ад першага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Пекін да цяперашняга прыезду Старшыні КНР у Мінск. Яго працягласць, колькасць сустрэч, сума кантрактаў - каля 16 мільярдаў долараў - пацвярджаюць статус Беларусі для Кітая ўсебаковага стратэгічнага партнёра.