Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій павінна прайсці адкрыта і дэмакратычна

29 июля 2015

Сёння сакратар ЦВК Беларусі правёў у Віцебскім рэгіёне навучальны семінар для кіраўнікоў тэрытарыяльных выбарчых камісій. У рэгіёне іх 26. Акрамя абласной, 21 раённая, 1 гарадская ў Наваполацку і 3 раённыя ў Віцебску. Наступны этап - стварэнне ўчастковых выбарчых камісій. Мікалай Лазавік паведаміў, што на ўсіх выбарчых участках вобласці маюць намер усталяваць празрыстыя урны для галасавання.

Мікалай Лазавік, сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Самае галоўнае для тых камісій, якія сфарміраваны, - гэта стварэнне добрых умоў для працы ініцыятыўных груп. Зборшчыкі подпісаў не павінны адчуваць нейкіх абмежаванняў, нейкіх уціскаў. Яны павінны свабодна мець зносіны з выбаршчыкамі. У далейшым тэрытарыяльныя камісіі павінны аб'ектыўна падысці да праверкі подпісаў".

Мікалай Лазавік адзначыў, што ў той час, калі для кандыдатаў пачнецца агітацыйная кампанія, арганізатары выбараў зоймуцца складаннем спісаў выбаршчыкаў і абсталяваннем участкаў для галасавання. Сёлета на ўчастках з'явяцца павелічальнае шкло, трафарэты і інфармацыйныя матэрыялы, аддрукаваныя з выкарыстаннем шрыфта Брайля. Гэта дапаможа выбаршчыкам, якія не бачаць або бачаць дрэнна, выказаць сваю волю самастойна.