Дэкларацыю аб даходах і маёмасці патэнцыйныя кандыдаты на выбарах у мясцовыя Саветы павінны будуць прадставіць за 2016 год

7 декабря 2017

Дэкларацыю аб даходах і маёмасці патэнцыйныя кандыдаты на выбарах у мясцовыя Саветы павінны будуць прадставіць за 2016 год.

Аб гэтым у інтэрв'ю нашаму каналу заявіла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Гэтае рашэнне звязана з тым, што мясцовыя выбары праходзяць на стыку двух гадоў - каляндарнага і фінансавага. Ужо ў наступны аўторак на пасяджэнні Цэнтральная выбарчая камісія прыме пастанову, дзе вызначыць парадак падачы адпаведных дакументаў. Зараз выбаркам працягвае прымаць заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. А ўжо ў гэтую нядзелю - 10 снежня - пачнецца галоўны этап выбарчай кампаніі - вылучэнне кандыдатаў.

Лідзія Ярмошына, Старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў: "Вядома, можа, камусьці гэта нявыгадна. Хтосьці не працаваў тады, стаў працаваць толькі ў 2017-м. Але трэба не забываць і пра тое, што дэкларацыя падаецца не дзеля дэкларацыі, а каб звесткі гэтыя можна было праверыць і канкрэтную інфармацыю можна было падаць выбаршчыкам. А гэта магчыма, калі ў падатковых органаў будуць магчымасці для такой праверкі, яны існуюць толькі па дэкларацыях за 2016 год".

У наступны аўторак на пасяджэнні цэнтральная выбарчая камісія прыме яшчэ некалькі важных дакументаў, якія чакаюць шматлікія патэнцыйныя кандыдаты. Сярод іх - пастановы аб вядзенні перадвыбарнай агітацыі праз СМІ і заснаванні асабістых фінансавых фондаў. Іх максімальны памер для кандыдатаў у дэпутаты абласных і Мінскага гарадскога Савета - 30 базавых велічынь, што сёння складае 690 рублёў. Нагадаю, выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў пройдуць у Беларусі 18 лютага.