З сённяшняга дня пачалася працэдура дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы

13 ноября 2013
Беларуска-ўкраінская мяжа, раней ніяк не пазначаная на мясцовасці, зараз становіцца зусім рэальнай. Сёння адкрыты першы ў гісторыі дзвюх краін пагранічны знак. Ён усталяваны ў раёне пункта пропуску Весялоўка. Такім чынам, з сённяшняга дня пачалася працэдура дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы.

Што гэта, для чаго і як паўплывае на жыццё дзяржаў-суседзяў - даведаўся Віталь Краснабаеў.

Беларусы і ўкраінцы. Яны заўсёды былі не толькі суседзямі, але і сябрамі. Але больш за 20 гадоў, каб нават проста прыйсці адзін да аднаго ў госці, абавязкова пагранічны кантроль і мытны надгляд. Да гэтага нябачная і ніяк не пазначаная на мясцовасці мяжа зараз становіцца цалкам рэальнай. Першы пагранічны знак - ён як сімвал дзяржаўнага суверэнітэту. Заходзіць за яго нельга. За ім пачынаецца ўжо зусім іншая краіна.

Паласаты слуп з аддрукаваным украінскім трызубцам з аднаго боку і такі ж, але з беларускімі сімваламі, з другога. Так выглядаюць першыя пагранічныя знакі.

Іх з'яўленне стала магчыма пасля чэрвеньскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну. Там прэзідэнты дзвюх краін дамовіліся аб абмене ратыфікацыйнымі граматамі дагавора паміж Беларуссю і Украінай аб дзяржаўнай мяжы.

Дэталі маючай адбыцца дэмаркацыі пазней абмеркавалі дыпламаты дзвюх краін. Затым прапрацавалі на двух пасяджэннях спецыяльна створанай камісіі. І толькі пасля дэмаркацыю пачалі спецыялісты.

Прайсці, праехаць, праплысці, а дзесьці і прабрацца. І так 1084 кіламетры 200 метраў. Такая працягласць беларуска-ўкраінскай мяжы. І пераадолець гэтую адлегласць трэба не ўлегцы, а як мінімум, узброіўшыся пагранічнымі знакамі.

Каб пазбегнуць канфліктных сітуацый, дапамагаць пагранічнікам будуць картографы. Ім прыйдзецца сачыць, каб знакі не парушалі тэрытарыяльную цэласнасць краін. Бо адна справа дамовіцца, а другая - прывязаць дамоўленасці да мясцовасці.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: Кожная дзяржава мае свае атрыбуты: герб, флаг, гімн. Атрыбуты прэзідэнцкай улады. А яшчэ ў спадчыну нашым нашчадкам мы павінны пакінуць дзяржаву з дакладна пазначанымі межамі. З межамі, якія былі б межамі міру і сяброўства. І сённяшняя цырымонія - гэта знак таго, што мы ўбудавалі чарговы каменьчык у фундамент нашага беларуска-украінскага сяброўства.

Пачынаючы працэдуру дэмаркацыі, Беларусь і Украіна не аддаляюцца адна ад адной, а аб'ядноўваюцца супраць трансгранічнай злачыннасці. Адкрытая мяжа - вароты для наркатрафіку, незаконнай міграцыі, кантрабанды і нават гандлю людзьмі.

Леанід Кажара, Міністр замежных спраў Украіны: Я думаю, што нашы каманды з абодвух бакоў - і з беларускага, і з украінскага - з гонарам справяцца з гэтай задачай. І мы будзем мець надзейны, празрысты і еўрапейскі кардон паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь.

Каб у поўным аб'ёме правесці дэмаркацыю, на беларуска-ўкраінскай мяжы трэба будзе ўсталяваць не адну тысячу такіх пагранічных знакаў. Яны ставяцца ў межах прамой бачнасці. Колькі гэта зойме часу - ніхто сказаць не бярэцца. Але самы прыблізны часавы арыенцір - пяць гадоў.