Беларусы прымаюць актыўны ўдзел у датэрміновым галасаванні

9 октября 2015
Ужо паслязаўтра - у нядзелю - прэзідэнцкія выбары. Зрэшты, 11 кастрычніка - гэта асноўны дзень галасавання, але, зразумела, не адзіны. З аўторка ў Беларусі адкрытыя выбарчыя ўчасткі для тых, хто вырашыў аддаць свой голас датэрмінова. Дарэчы, эксперты адзначаюць, што беларусы вельмі актыўна галасуюць датэрмінова. Хаця, вядома, усе чаканні і галоўныя вынікі будзе рабіць галасаванне ў нядзелю, калі на ўчасткі прыйдзе асноўная частка выбаршчыкаў. Хто ўжо зрабіў свой выбар і 11 кастрычніка ўвечары будзе чакаць вынікаў вялікай палітычнай кампаніі - у рэпартажы Дзмітрыя Лукшы.

Тыя, хто ўік-энд вымушаны будзе правесці ў офісе або ў службовай камандзіроўцы, гэтымі днямі запаўняюць бюлетэні. З 10 раніцы ля дзвярэй выбарчых участкаў сапраўдны ажыятаж. Згодна з паведамленнямі Цэнтрвыбаркама, за тры дні датэрміновага галасавання свой выбар ужо зрабілі амаль 19 працэнтаў выбаршчыкаў. Сярод лідараў - паўночныя ўчасткі Віцебскага рэгіёна.

Аляксандр Балдуеў - інвалід па зроку першай групы. На свой участак выбаршчык прыйшоў разам з жонкай, а вось у кабіну для галасавання зайшоў адзін. Для людзей з асаблівасцямі гэтая прэзідэнцкая кампанія праходзіць ва ўмовах абсалютнага безбар'ернага асяроддзя. Спецыяльны шрыфт Брайля на бланку дазволіць пачуць голас кожнага.

Аляксандр Балдуеў, інвалід першай групы па зроку: "Ніякіх праблем. Усё зроблена выразна, тым больш усё пазначана па Брайлю. Па Брайлю прачытаў, паставіў сваю птушку. Думаю, што я зрабіў правільны выбар".

Для Ігара Бузоўскага датэрміновае галасавання не прыхамаць, а шанц аддаць свой голас. Бо 11 кастрычніка, у асноўны дзень, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта правядзе на рабочым месцы. Пастараецца, каб для ўсіх простых беларусаў гэтая падзея стала знакавай.

Ігар Бузоўскі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: "Выбары - гэта дзень, які дазваляе зрабіць пэўны крок у чарговым развіцці дзяржавы, і ў чарговым выбары, які робіць кожны з нас. Зразумела, гэта свята, гэта грандыёзная падзея, таму мы павінны яе правесці на высокім узроўні ва ўсіх адносінах".

Чацвёрты дзень датэрміновага галасавання адкрыў некаторую перадвыбарную традыцыю. Па словах назіральнікаў, у першай палове дня бюлетэні апускаюць у большай ступені выбаршчыкі сталага ўзросту, а ўжо па абедзе - моладзь. Прыклад юнаму пакаленню сёння паказаў і кіраўнік БРСМ Андрэй Белякоў. Лідар самай масавай моладзевай арганізацыі падкрэсліў сімвалічнасць падзей. 2015-ы - гэта не толькі год выбараў, але і Год моладзі. А ў прыярытэце ў маладых - моцная і незалежная Беларусь.

Андрэй Белякоў, першы сакратар ЦК ГА БРСМ: "Самае важнае - гэта прыйсці і прагаласаваць за будучыню краіны. Нам жыць, нам працаваць у гэтай краіне, нашым дзецям вучыцца. Хочацца, каб у гэтыя дні нашы людзі прыйшлі на ўчасткі, прагаласавалі, пагутарылі адно з адным. Выбары заўсёды былі святам у нашай краіне, гэта магчымасць нефармальных зносінаў".

Важна пры візіце на ўчастак не забыцца пра пашпарт. Прад'явіўшы дакумент камісіі, выбаршчык атрымлівае бюлетэнь - своеасаблівы білет да будучыні нашай краіны. Далей неабходна прайсці ў кабінку для галасавання і аддаць свой голас за кандыдата ў Прэзідэнты. Апошні крок выключна таемны.

Пра тое, што казцы навагодняй не канец, сёння расказаў і галоўны Дзед Мароз - заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Радзівілаў. Яго жаданне аддаць свой голас загадзя таксама зразумелае. У дзень выбараў ён будзе не адпачываць, а працаваць. Сумесна з групай артыстаў Белдзяржфілармоніі падорыць свята гасцям сталічнага выбарчага ўчастка Савецкага раёна.

Дарэчы, сёння стала вядома яшчэ пра адну асаблівасць гэтай перадвыбарнай кампаніі. 10 тысяч выбаршчыкаў плануе апытаць "Еўразійскі барометр". У рабоце экзітполаў будзе задзейнічана каля тысячы чалавек. Гэта прафесары, акадэмікі і студэнты з розных універсітэтаў Беларусі. Акрамя Міжнароднага інстытута сацдаследаванняў, экзітполы падчас выбараў правядуць яшчэ дзве арганізацыі: Беларускі камітэт моладзевых арганізацый і Інстытут сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.

Крысціян Херпфер, дырэктар Інстытута параўнальных даследаванняў "Еўразійскі барометр", (Аўстрыя): "На кожным выбарчым участку будуць працаваць па тры нашых чалавекі. Гэта будзе выбарачнае апытанне. Будуць апытаныя ўсе слаі насельніцтва ва ўсіх шасці абласцях Беларусі, усе ўзроставыя катэгорыі і ўсе прафесіі. Мэта - ахапіць не толькі жыхароў вялікіх гарадоў, але яшчэ і сельскіх жыхароў. Гэта дасць магчымасць атрымаць рэальную карціну галасавання выбаршчыкаў. Гэты экзітпол можна параўнаць з міні-перапісам насельніцтва".

Якой будзе будучыня Беларусі, змогуць даведацца і нашы суайчыннікі за мяжой. У гэтым ім дапамогуць сродкі масавай інфармацыі - як айчынныя, так і сусветныя. Асвятляць выбары будуць 940 журналістаў. Акрэдытацыю атрымалі спецыялісты з 30 краін: вядучыя тэлекампаніі, інфармагенцтвы, інтэрнэт- і друкаваныя выданні. Сярод краін, прадстаўнікі якіх будуць працаваць у Беларусі ў гэтыя дні, Аўстрыя, Вялікабрытанія, Расія, Данія, Германія, Польшча, Чэхія, ЗША і іншыя. Многія журналісты на выбарчых участках ужо наладзілі фокус тэлекамер.

Лілія Ананіч, кіраўнік інфацэнтра, Міністр інфармацыі Беларусі: "Самае важнае - каб сродкі масавай інфармацыі перадалі настрой, які ёсць у краіне ў выбаршчыкаў, і самі з добрым настроем ажыццявілі свае прафесійныя абавязкі. Таму да паслуг журналістаў беларускіх, сусветных СМІ тэхналагічна ўпакаваны інфармацыйны цэнтр. Больш за 900 лагінаў і пароляў для працы ў Інтэрнэце, прычым Wi-Fi бясплатны".

Яшчэ дзень у беларусаў, яшчэ ёсць шанц аддаць свой голас датэрмінова, а не згубіць яго ў чарадзе хатніх клопатаў і абавязкаў. У нядзелю - выбар краіны. Якім ён будзе, вырашаць нам.