Беларускі парламент здольны прымаць законы з прыцэлам на гады наперад, слухаць і чуць свайго выбаршчыка

5 декабря 2019
Палітыка будучыні нашай краіны сёння стала ключавой тэмай у навінавым парадку дня. Заявы, якія гучалі ў Палацы Незалежнасці, словы пажадання ад Прэзідэнта для новаабранага парламента, які будзе прымаць лёсавызначальныя законы, вынікі працы дэпутатаў мінулага склікання і зачын, які яны пакідаюць сваім пераемнікам, і нарэшце, важныя кадравыя перастаноўкі ў Адміністрацыі Прэзідэнта - усё гэта, па сутнасці, і вызначае, якім будзе далей наш шлях. 

Беларускі парламент здольны трымаць удар на сусветнай арэне, рыхтаваць і прымаць законы з прыцэлам на гады наперад, слухаць і чуць сваё грамадства і свайго выбаршчыка. Такі лейтматыў гучаў сёння ў Палацы Незалежнасці на сустрэчы Прэзідэнта адразу з двума саставамі нашага парламента. 

Фармат, прызнаем, незвычайны. Гэтая дзяржаўная традыцыя  была закладзена тры гады таму, але адклалася далёка не ва ўсіх. Напярэдадні сустрэчы і эксперты, і медыя гадалі, якія лёсавызначальныя рашэнні прагучаць або будуць прынятыя ў такім аўтарытэтным сходзе. Ну, праўда, назіральнікі забыліся або свядома не ўспомнілі, што для стратэгіі ў нас ёсць Усебеларускі сход, а для тактычных манеўраў - штогадовыя пасланні народу і парламенту.

Падвоху не здарылася. Зрэшты, і сёння ў Палацы Незалежнасці было месца  для інтрыгуючых кадраў і загалоўкаў. 

Галоўны тэзіс  - суверэнітэт размену не падлягае. Тыя, хто ўважліва сочыць за выступленнямі нашага Прэзідэнта, ужо даўно маглі б зразумець, што незалежнасць для беларусаў - гэта святое, і перастаць спекуляваць на гэтым пытанні. Зрэшты, сёння больш гаварылі аб стварэнні. У парламент прыйшлі маладыя і вопытныя, якім народ даручыў адстойваць і прасоўваць нацыянальныя інтарэсы. За ходам сустрэчы сачыў наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў.

Два саставы парламента другі раз у суверэннай гісторыі, але ўпершыню тут, у Палацы Незалежнасці, сустракаюцца з Прэзідэнтам. Традыцыя новая - нават вопытныя аналітыкі ашукаліся - гадалі, маўляў, лёс краіны тут вырашаць. Але справядлівасці дзеля і многія дэпутаты ў гэтым, як падкрэсліў Прэзідэнт, агульным доме і фармаце  ўпершыню. Відаць было па актыўных сэлфі, няведанні, дзе тут буфет, і лёгкай замешцы пры ўваходзе ў залу. Трэба прывыкаць, бо гэта сімвалічна - агульны Палац Незалежнасці і галоўная агульная справа - моцная, суверэнная Беларусь. У Кіраўніка дзяржавы гэта чыталася з першай жа фразы.

Веданне, дзе ў Палацы буфет і гардэроб, як і знешні глянец парламентарыя, да дэпутатаў прыйдзе хутка. Больш важныя змест, уменне трымаць адказ перад выбаршчыкам і гнуць лінію нацыянальных інтарэсаў, а не спіну на выездзе. Яшчэ і ў гэтым задача новай традыцыі, якую пакуль засвоілі не ўсе. 

Толькі па форме гэты сход у знакавым для маладой дзяржавы месцы. Па змесце дэпутаты і сенатары прачыталі так: пажаданне вопытнага палітыка, які па-народнаму "сабаку на абароне нацыянальных інтарэсаў з'еў" , новаму пакаленню прадстаўнікоў народа. Тут важна разумець - за плечамі ўжо краіна, а не тэрыторыя з "тутэйшымі". 

Гісторыя. Ад "скрываўленага абрубка" СССР да рэальнага суверэнітэту

Вучыцца гатовыя - павучанняў не церпім. Бо ў скарбонцы нашага парламентарызму чвэрць стагоддзя Канстытуцыі, а вытокі і таго старажытней. Ад Полацкага княства і ВКЛ (народнае веча чытаецца ва Усебеларускім сходзе) да Вярхоўнага савета БССР. Такога вопыту дэмакратыі ў свеце яшчэ пашукаць. Тым больш, сучасную дзяржаву ставілі на ногі самі. Без нафтавай падушкі і залатога запасу, рабавання калоній і сусветнай валюты прама з друкаванага станка. 

Мала хто памятае, але і ў беларускім парламенце былі бойкі і ляжачыя забастоўкі. Глядзець цікава, а на справе - дзясятак праграм і пражэктаў, якія праваліліся. Згаленне насельніцтва, а зверху прыватызацыя - ледзь да зямлі тады не дабраліся. Дзве першыя стратэгіі, што спрацавалі пасля "абрубка” Краіны Ссаветаў - "адвесці народ ад прорвы" і "экспарт, жыллё, харчаванне". Яны,  дарэчы, былі распрацаваныя спачатку таксама парламентарыем, а пазней і першым Прэзідэнтам Беларусі.

Сучасным дэпутатам у гэтым плане больш проста. За плячамі - не толькі народ з высокай палітычнай культурай і вопытам, але і працуючы дзяржаўны механізм, які шануецца ў грамадстве. 

Як факт - вынікі мінулых выбараў у лічбах і асобах. Перавыбраныя 30 дэпутатаў - гэта прыкладна чвэрць складу, здаровая пераемнасць. Па гендарным складзе - 40% жанчыны, ідзем да "залатога сячэння". Партыйнасць. Кожны пяты дэпутат - член партыі (членаў партый - 21 дэпутат або 19,1%), але толькі пяць партый з 15 - парламенцкія, астатнія, паводле слоў экспертаў, або мёртвыя душы, або занадта радыкальныя, каб выклікаць давер і падтрымку ў грамадстве. Асобныя эмісары з Захаду "раілі" Прэзідэнту: маўляў, правядзіце хоць парачку ў абыход народа. Але што іх за руку цягнуць, як школьнікаў у дарослую гутарку? Дарэчы, сярэдні ўзрост парламента - 50 з невялікім (50,4 года). 

Алег Гайдукевіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі VII склікання: "Зрэшты, Прэзідэнт - як гарант Канстытуцыі - і раней не ўтойваў: адказнасць за агульны дом Беларусь і падтрымка дзяржаўнікаў на выбарах была. І для краіны лепш, каб алігархат дзяліў парламент на падкантрольныя фракцыі. Або самапрызначаная эліта, не будзем паказваць пальцам, сваіх вылучэнцаў чаргавала?". 

Ідэальны парламент - гэта не байцоўскі клуб і не "прынтар" для рашэнняў. Хутчэй, люстэрка грамадства з яго заганамі, надзеямі і ініцыятывамі. 

Парламент. Люстэрка грамадства


Наколькі якасным абраны новы зрэз грамадства, даведаемся праз пару сесій. Заўважана: ужо сёння ў кулуарах маладыя цягнуліся да вопытных калегаў па параду - як аформіць сваю ідэю ў законапраект, як правесці праз механізм узгадненняў. 

Іх справа, у тым ліку, - міжпарламенцкі дыялог і імідж Беларусі ў свеце. Лічым разам, Прэзідэнт і ўрад - дзве апоры, парламент і бізнес з народнай дыпламатыяй - яшчэ дзве. Так у шматлікіх дзяржавах нацыянальныя інтарэсы, як добрае крэсла, стаяць на чатырох ножках. У новым складзе ёсць каму пастаяць за Беларусь на знешняй арэне. 

У гэтай працы таксама не з чыстага ліста. Ужо ёсць поспех самітаў АБСЕ і "Усходняга партнёрства", канферэнцыі ААН і Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы. Той жа Андрэй Савіных або Валерый Варанецкі - вядомыя асобы парламенцкай дыпламатыі. 

Абнаўленне і запас трываласці ёсць і яшчэ па двух крытычных для дзяржавы праектах - моладзевая палітыка і сацыяльная абарона. Праект моладзевага савета пры парламенце ўжо паспеў падрыхтаваць адыходзячы склад, а жаночая прыгожая амаль палова ў Авальнай зале па традыцыі цягне сацыяльныя гарантыі і адукацыю. Дарэчы, думаеце, такая ўстойлівасць усім па душы? 

Эканоміка. Нашы поспехі - як "костка ў горле"


Найважнейшыя для новага складу парламента задачы Прэзідэнт бачыць так: папраўкі і законы не з паветра, а ад зямлі, ад рэальнай патрэбнасці людзей. 

І другое - наступствы законаў трэба пралічваць на гады наперад. Каб не выйшла, як у суседзяў: адну дзіру закрылі, а праз пару гадоў агалілі прорву ў міграцыі, медыцыне, бяспецы або ў пытаннях мовы і веры. Не трэба адчыняць брамку для чужога ўмяшання. 

На што могуць і павінны абапірацца ўрад і парламент? Яшчэ 4 апоры: умовы для інвестыцый, унутраная дзелавая актыўнасць, экспарт і дэмаграфія. Так, сёння аб'ектыўна трапілі ў яму хвацкіх дзевяностых - бацькоў мала. Але нават тыя, што ёсць, хутчэй, у гаджэтах, чым з сям'ёй на спартыўнай пляцоўцы. Можна спісаць на сусветны трэнд, але мала дзе ў свеце так шмат уклалі ў традыцыйныя каштоўнасці, здароўе і новыя спартыўныя аб'екты. 

Ці ўмеюць завабліваць асабістым прыкладам дэпутаты. Так. Вазьміце Вадзіма Дзевятоўскага - тут і паўмарафон, і матч стагоддзя па лёгкай атлетыцы, і шырэй - здаровы лад жыцця як мода. І гэта не з-пад палкі, асабістая грамадзянская пазіцыя. Усведамляючы гэта, дзяржава плануе ад апякунства пераходзіць да настаўніцтва. Не разжаванае ў рот, а падручнік у рукі. 

Самы  абмеркаваны момант у экспертным асяроддзі - мадэрнізацыя асноўнага закону. Цяперашняму складу парламента ў гэтым удзельнічаць. 

Мадэрнізацыя права. Пад асабісты подпіс і адказнасць


З аднаго боку, грамадства просіць  больш паўнамоцтваў тым, хто гатовы вырашаць праблемы людзей,  - сенатарам, дэпутатам, суддзям, мясцовай уладзе. А з другога - хто гатовы персанальна адказаць, калі не пралічанае абнаўленне права адкіне краіну ў 90-я? 

Гэта, дарэчы, амерыканская практыка - у ЗША пад кожным законам асабістыя аўтографы распрацоўшчыкаў, кангрэсменаў, сенатараў і суддзяў, што яго прапанавалі, пралабіравалі і праверылі на адпаведнасць. Можа таму Бушы, Клінтаны і Абамы з Трампамі прыходзяць і сыходзяць, а амерыканская глыбінная дзяржава  наймацнейшая на планеце? 

Беларусь гатовая пераймаць тэхналагічнасць як з Захаду, так і з Усходу. У гэтым паслядоўныя і не "віляем". 


Расія для Беларусі складаны, але саюзнік. Мы для Расіі  вельмі часта саюзнік апошні. 

Беларусь - Расія. Суверэнітэт і раўнапраўе


Першая складанасць для нас - маштабы. І размова не столькі пра геаграфію - ад Калінінграда да Камчаткі вялікую краіну развівалі разам. Справа ў маштабах кіравання - ад Крамля да самых да ўскраін мноства людзей, што прымаюць або не прымаюць рашэнне. У кожнага свой інтарэс, часта далёкі ад справядлівай інтэграцыі. Але і ў Беларусі на такіх пазіцыях  не навабранцы. Дзяржаўны інтарэс лічаць. Адсюль часам і іскрыць.

У гэтых перамовах ёсць гарантыя - пытанне аб суверэнітэце Беларусі як дзяржавы не стаяла, не стаіць і стаяць не будзе. Слова Уладзіміра Пуціна. Адкуль тады ўсе здагадкі? Можна зразумець,  апякліся на Украіне, страхуюцца. Або хтосьці ў Расіі мроіць пра 24-ы год - працуе супраць Пуціна або нязграбна ў яго інтарэсах. Але прычым тут Беларусь? Пабочны эфект? Неяк не па-саюзнаму. Бо для нас у сухім і непрыемным рэштку - гандлёвыя блакады, квоты на транзіт пры намінальна вольным рынку, нераўнапраўе па стратэгічных галінах і рэсурсах.

У дзвюх саюзных дзяржавах зараз на высокія пазіцыі выходзіць новае пакаленне. Так, больш прагматыкі,  чым настальгіі, 90-я гэтаму навучылі. Так, часам вышэйшыя стаўкі - увесь свет вакол і Украіна па-суседству "цяжарная шматпалярнасцю", кожны сем'янін ведае, які гэта стрэс. Але тым і адрозніваюцца дзяржаўныя дзеячы ад папулістаў - першыя пакідаюць пасля сябе працуючыя дзяржавы і моцныя саюзы,  другія  -  часта,  на жаль, толькі руіны. 

Парламентарый. Улада і прадстаўнік народа


Быць першымі, прадзяржаўнымі  -  арыентуе дэпутатаў і сенатараў Прэзідэнт. Не ведаеш як - ідзі да людзей.

Пяць медалёў за працоўныя заслугі, ганаровае званне "Заслужаны работнік сацыяльнай абароны" - Мар'яне Шчоткінай і яшчэ дзве падзякі Прэзідэнта. З улікам цяжару перыяду, што выпаў на іх кадэнцыю,  нямнога. Ужо на сумесным фатаграфаванні Прэзідэнт скажа, што ні адзін з іх, у каго грамадства і дзяржава ўклала свае надзеі і рэсурсы,  не застанецца без працы. 

Для па-добраму амбіцыйных людзей магчымасць будаваць першую ў гісторыі суверэнную беларускую дзяржаву - такая запатрабаванасць, гэта таксама высокая ўзнагарода.