Беларусь зацікаўлена ў больш актыўным дыялогу з рэгіянальнымі ўладамі краін ЕС і ВП

22 мая 2017

Беларусь зацікаўлена ў больш актыўным дыялогу з рэгіянальнымі ўладамі краін Еўрасаюза і "Усходняга партнёрства". Пра гэта сёння заявілі ў Мінску на сустрэчы з прадстаўнікамі Камітэта рэгіёнаў Еўрасаюза. Беларусь упершыню стала пляцоўкай для правядзення такіх перамоў. На пасяджэнні абмяркоўвалі падрыхтоўку да саміту "Усходняга партнёрства", які пройдзе ў Бруселі ў лістападзе. Нагадаем, асноўная мэта аб'яднання - развіваць інтэграцыйныя сувязі ЕС з былымі рэспублікамі СССР, у тым ліку з нашай краінай. У будучыні партнёры плануюць засяродзіць сваю ўвагу на развіцці эканамічнага супрацоўніцтва на ўзроўні рэгіёнаў. У прыватнасці, забеспячэнні энергаэфектыўнасці для росту эканомік усіх краін-удзельніц.

Марку Маркула, старшыня Камітэта рэгіёнаў ЕС: "Мы можам шматразова нарасціць наша эканамічнае ўзаемадзеянне. І не апошнюю ролю ў гэтым працэсе павінны адыграць рэгіянальныя ўлады. Але для гэтага нам трэба пабудаваць сур'ёзную базу для развіцця такога супрацоўніцтва. Тады будзе і больш магчымасцяў для прыцягнення еўрапейскіх інвестыцый у ваш рэгіён. Таксама мы рады паведаміць, што Еўрапейскі інвестыцыйны банк выдзеліць каля 200 мільёнаў еўра на падтрымку малых і сярэдніх прадпрыемстваў у вашым рэгіёне менавіта для ўкаранення новых энергаэфектыўных тэхналогій у вытворчасць. Гэтыя сродкі будуць прызначаныя і Беларусі".

Таксама кіраўнік Камітэта рэгіёнаў Еўрасаюза сёння сустрэўся са спікерам верхняй палаты беларускага парламента Міхаілам Мясніковічам. Бакі адзначылі своечасовасць абмеркавання сумеснага ўкладу краін у еўрапейскі парадак дня маючага адбыцца саміту "Усходняга партнёрства".