Беларусь уводзіць забарону на чыгуначны транзіт грузаў з Літвы

2 февраля 2022
Беларусь уводзіць забарону на транзіт па чыгунцы праз сваю тэрыторыю некаторых тавараў з Літвы. Гэта адказ на дзеянні афіцыйнага Вільнюса па спыненні транзіту беларускіх калійных угнаенняў і перавалку іх праз парты Клайпеды.  Наш бок лічыць такія неправамерныя крокі элементам гібрыднай агрэсіі і нанясення прамога эканамічнага ўрону дабрабыту свайго народа.  Аб гэтым было заяўлена сёння ў Міністэрстве замежных спраў.  Нагадаем, што з 1 лютага  Літва ў парушэнне ўсіх дамоўленасцяў забараніла нашым грузавым саставам рухацца ў кірунку клайпедскага порта, пры гэтым парушыўшы ўсе пагадненні аб чыгуначных зносінах і іншыя дакументы па транзіце для краін, у якіх няма выхаду да мора, а таксама адобраныя раней заяўкі. 

Беларускі бок, кіруючыся прынцыпамі добрасуседства, неаднаразова прапаноўваў літоўскаму канструктыўны дыялог, каб ад дзеянняў афіцыйных улад не пацярпеў народ Літвы. Але Вільнюс адмовіўся ад перамоў з мэтай за кошт сваіх падаткаплацельшчыкаў нанесці беларусам максімальны ўрон. У знешнепалітычным ведамстве Беларусі назвалі гэта пячорнай дзікасцю і падкрэслілі, што гэтым урад Літвы яшчэ раз перад усім светам распісаўся ў сваёй нецывілізаванасці і ненадзейнасці ў якасці гандлёвага партнёра, у дадатак да іншых сваіх учынкаў.  Беларусь у сваю чаргу не можа ігнараваць такую атаку і вымушаная пайсці на меры ў адказ. Так уводзіцца забарона  на чыгуначны транзіт з Літвы нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных удабрэнняў, пагружаных на станцыях Літоўскіх чыгунак.

Беларусь захоўвае адкрытасць да дыялогу


Пры гэтым, як падкрэслілі ў МЗС, беларускі бок па-ранейшаму адкрыты да дыялогу з афіцыйным Вільнюсам па рашэнні ўсіх пытанняў у правым полі  ў інтарэсах  простых людзей дзвюх краін. Што датычыцца транзіту нашых калійных удабрэнняў, ва ўрада Беларусі ёсць новыя схемы лагістыкі па пераарыентацыі  грузавых патокаў  у марскія парты дзяржаў - нашых надзейных партнёраў, якія выконваюць свае абавязацельствы.  І гаворка ідзе не толькі пра перавалку калійных удабрэнняў.  Дарэчы, нашы ўдабрэнні ў высокім попыце на сусветным рынку. І ўжо знайшліся і новыя пакупнікі.  Так, сёння стала вядома, што аб куплі  мільёна тон задумалася Індыя.  Калі здзелка адбудзецца, яна стане першай паміж дзвюма краінамі пасля ўвядзення  заходніх  санкцый. Ёсць і выхад для аплаты - Беларуская калійная кампанія можа адкрыць рахунак у рупіях у індыйскім дзяржбанку.