Беларусь разлічвае на непрадузятую і аб'ектыўную ацэнку маючай адбыцца выбарчай кампаніі

15 августа 2016

Беларусь разлічвае на непрадузятую і аб'ектыўную ацэнку маючай адбыцца выбарчай кампаніі, а таксама на канструктыўны дыялог з парламенцкай групай АБСЕ пасля выбараў. Гэта сёння заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы са спецыяльным каардынатарам місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах у нашай краіне Кентам Харстэдам. Плануецца, што прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі прыбудуць у Беларусь за некалькі дзён да выбараў. У складзе місіі ад 70 да 100 чалавек. Таксама сёння бакі абмеркавалі правядзенне ў Мінску ў наступным годзе чарговай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Нагадаем, яна пройдзе ў беларускай сталіцы ўпершыню.

Кент Харстэд, спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах у Беларусі:

"Мы высока цэнім прапановы беларускага боку правесці летнюю сесію Парламенцкай асамблеі ў Мінску. Гэта гонар для вашай краіны, але і ў пэўным сэнсе выклік, паколькі прыедзе каля 400 членаў парламентаў з дзясяткаў краін свету. Наперадзе вельмі насычаная праграма. Але я ўпэўнены, што Беларусь арганізуе гэтую работу на годным узроўні".

Акрэдытацыю для назірання за парламенцкімі выбарамі ўжо атрымалі больш як 300 міжнародных назіральнікаў і каля 4 тысяч нацыянальных экспертаў. Акрамя прадстаўнікоў АБСЕ, маніторыць выбары-2016 будуць прадстаўнікі СНД, АДКБ, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, а таксама Савета Еўропы.