Беларусь атрымала статус назіральніка ў Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў

21 января 2016

Беларусь атрымала статус назіральніка ў Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў, паведамілі ў МЗС нашай краіны. Гэта арганізацыя была створана ў 1995 годзе і займаецца ўмацаваннем ролі дзелавых колаў рэгіёна ў палітычных і эканамічных перамовах. Сёння ў асацыяцыю ўваходзяць 25 краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, уключаючы Кубу, Калумбію, Мексіку, Венесуэлу. Назіральнікамі ў арганізацыі з'яўляюцца 20 дзяржаў, сярод іх краіны Заходняй Еўропы, Расія, Украіна. Нагадаем, летась Беларусь таксама атрымала статус назіральніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і Нарадзе па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: «Прыняцце Беларусі ў якасці назіральніка ў Асацыяцыю карыбскіх дзяржаў дае магчымасць значна актывізаваць і пашырыць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з яе краінамі-членамі, насельніцтва якіх складае больш за 237 мільёнаў чалавек. З улікам пераходу ў 2016 годзе старшынства ў АКД да Рэспублікі Куба, якая з'яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі ў рэгіёне, перад айчыннымі прадпрыемствамі і арганізацыямі адкрываюцца шырокія магчымасці. Рэспубліка Беларусь імкнецца выкарыстоўваць статус назіральніка ў рэгіянальных арганізацыях менавіта для максімальна актыўнага прасоўвання інтарэсаў нашай краіны і беларускіх экспарцёраў ў краінах далёкай дугі».

І сёння знешнепалітычнае ведамства нашай краіны нагадала пра змяненне парадку ўезду грамадзян Беларусі ў Вялікабрытанію. Зараз беларусы абавязаны мець дакумент, які пацвярджае наяўнасць дагавора медыцынскага страхавання, сапраўднага на тэрыторыі Злучанага Каралеўства. Нагадаем, раней паміж краінамі было пагадненне, складзенае яшчэ 40 гадоў таму паміж урадамі Вялікабрытаніі і СССР. Згодна з дакументам, беларусам, якія прыбываюць на Туманны Альбіён, неадкладную дапамогу аказвалі на бязвыплатнай аснове. Аднак нядаўна брытанскі бок у аднабаковым парадку выйшаў з пагаднення.