Беларусь актыўна нарошчвае эканамічны патэнцыял з краінамі Паўднёва-Азіяцкага рэгіёна

1 июня 2015

Пасля выніковых перамоў у Пакістане і каля двух дзясяткаў сумесных дакументаў Мінск рыхтуе пляцоўку да дыялогу з Індыяй. Заўтра беларускую сталіцу з трохдзённым візітам наведае Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы. Індыя - наш буйны партнёр на паўднёваазіяцкім вектары. Аднак, улічваючы магчымасці, якія маюць абедзве краіны, узровень тавараабароту пакуль не дасягае патрэбнай адзнакі. А таму візіт у Беларусь індыйскага лідара павінен стаць магутным штуршком у нарошчванні супрацоўніцтва. 

Пра пункты судакранання - рэпартаж Святланы Лук'янюк.

Індыя - цэнтр важных гандлёвых маршрутаў. На захадзе мяжуе з Пакістанам, на паўночным усходзе - з Кітаем, на ўсходзе - з М'янмай, на поўдні - марская мяжа з Інданезіяй. Усе гэтыя краіны - беларускія партнёры вялікай эканамічнай дугі.

Індыя - найбуйнейшая краіна Паўднёвай Азіі. Другое месца ў свеце па колькасці насельніцтва пасля Кітая, больш за мільярд чалавек. І сёмае па тэрыторыі. Зараз яе эканоміка - адна з тых у свеце, якія хутка развіваюцца. Валавы ўнутраны прадукт амаль 7 трыльёнаў долараў.

Індыйская эканоміка амаль не залежыць ад фінансавай нестабільнасці ў свеце, курс рупіі вагаецца слаба, а зніжэнне цэн на нафту для яе, буйнога імпарцёра, і зусім добра. Аналітыкі прадказваюць, што ў наступным годзе Індыя ўпершыню за доўгі час абгоніць Кітай па тэмпах росту ВУП. Дзякуючы замежным інвестыцыям.

Юрый Царык, палітолаг: "Індыя арыентавана зараз на развіццё, у іх ідзе глыбокая рэформа сацыяльнай сістэмы, якая шмат у чым пакончыць з гэтымі перажыткамі каставага грамадства, а гэта значыць, што вялізныя масы насельніцтва будуць выходзіць на рынак і станавіцца актыўнымі спажыўцамі".

І тут Беларусі ёсць што прапанаваць. Індыя - наш буйны гандлёвы партнёр у Азіяцкім рэгіёне. Эканоміку падмацоўваюць сяброўства і давер.

У 1991 годзе Беларусь станавіцца незалежнай дзяржавай. Індыя адна з першых прызнае наш суверэнітэт. І ўжо праз год адкрывае сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва ў нашай краіне. З тых часоў пастаянныя кантакты на розных узроўнях, у тым ліку, на вышэйшым.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка з візітамі ў афіцыйным Дэлі быў двойчы - у 1997 годзе і праз 10 гадоў, у 2007. Тады бакі прынялі сумесную палітычную дэкларацыю прэзідэнтаў дзвюх краін, а таксама падпісалі шэраг двухбаковых пагадненняў у розных галінах. Яны ўжо прынеслі істотны плён.

Двухбаковы дыялог будзе прадоўжаны заўтра ў Мінску. Прычым выйдзе на якасна новы ўзровень, вышэйшая службовая асоба краіны з трохдзённым візітам у Беларусі. Прэзідэнт Індыі разлічвае на запуск новых сумесных вытворчасцяў і абмен тэхналогіямі, заявіў індыйскі лідар нашаму каналу напярэдадні.

Пранаб Мукерджы, Прэзідэнт Індыі: "Я б хацеў, каб мы пашырылі наша супрацоўніцтва ў самых розных галінах: у ахове здароўя, у адукацыі, у тэхналогіях і, вядома, у апрацоўваючай прамысловасці. Тым самым мы зможам унесці свой уклад у прагрэс, развіццё і павышэнне дабрабыту нашых народаў. Мы павінны працаваць, развівацца і рухацца наперад разам. Гэта стратэгічная мэта, якую мы хацелі б дасягнуць падчас майго афіцыйнага візіту".

Зараз узаемны гандаль паміж краінамі - каля 400 мільёнаў долараў. Але гэта не мяжа, заяўляюць на ўсіх узроўнях. Бо ёсць цікавасць у шматлікіх галінах - ад сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, машынабудавання, энергетыкі да IT-тэхналогій. Індыйскія кампаніі чакаюць і доўгатэрміновых дамоўленасцяў па пастаўках калійных угнаенняў.

Ірына Новікава, загадчыца кафедры эканамічнай тэорыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, доктар эканамічных навук, прафесар: "Гэта традыцыйны наш рынак, мы туды пастаўлялі ўжо калій. Там ёсць перспектывы пашырыць гэты рынак, з аднаго боку, з другога боку, не трэба забываць, што Індыя ў большай ступені аграрная краіна. Мы як бы можам паспрабаваць пашукаць сваю нішу".

І тут на першы план выходзіць кааперацыя. Стварэнне сумесных вытворчасцяў і адкрыццё дылерскіх цэнтраў беларускага машынабудавання. Пра гэта, гандаль і праекты ў розных галінах будуць гаварыць тры дні ў Мінску падчас афіцыйнага візіту лідара Індыі ў Беларусь. У складзе дэлегацыі дзяржаўныя дзеячы высокага рангу, кіраўнікі навуковых цэнтраў і бізнес-супольнасць.