Аўстрыя выступае за адмену санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі

9 февраля 2016

Пра гэта заявіў Генеральны сакратар МЗС гэтай краіны Міхаэль Лінхарт, размаўляючы з журналістамі на сённяшняй цырымоніі адкрыцця аўстрыйскага пасольства ў Мінску.

У сваю чаргу Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей адзначыў, што санкцыі перашкаджаюць развіццю супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што дарога да нармалізацыі адносін прадугледжвае крокі, якія павінны рабіць усе партнёры.

Уладзімір Макей, Міністр замежных спраў Беларусі: "Лічу, што санкцыі - гэта не метад наладжвання супрацоўніцтва, яны перашкаджаюць. Беларусь зацікаўлена ў тым, каб наладжваць нармальныя палітычныя, эканамічныя і іншыя адносіны з ЕС. Санкцыі гэтаму перашкаджаюць. Дыялог - гэтае не аднамаментнае дзеянне, якое заключаецца ў падтрымцы або крытыцы кагосьці. Гэта - працэс. Ёсць маса праблем не толькі ў двухбаковых адносінах, але і міжнароднага парадку, якія нам трэба вырашаць разам".

Міхаэль Лінхарт, Генсакратар федэральнага Міністэрства па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў Аўстрыі: "У Бруселі зараз ідзе дыскусія на гэту тэму. Аўстрыя выступае за адмену санкцый, мы на баку Беларусі. Спадзяюся, рух будзе менавіта ў гэты бок. Мінск зрабіў вельмі шмат важных крокаў. Быў паказаны прагрэс. У прыватнасці, магу адзначыць сферу правоў чалавека. Гэтым і тлумачыцца пазіцыя Вены. Назіраецца цэлы шэраг падзей, якія настройваюць нас пазітыўна. Неабходна працаваць далей, таму мы выступаем за адмену санкцый".

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Аўстрыяй былі ўсталяваны ў лютым 1992 года. У 93-м у Вене адкрылася беларускае пасольства. Двухбаковая дагаворна-прававая база налічвае 13 пагадненняў. Высокапастаўленыя госці адзначылі два прыярытэты супрацоўніцтва дзвюх краін. Гэта эканоміка, паколькі Аўстрыя з'яўляецца адным з вядучых інвестараў у Беларусі. І другі - культура. Сёлета плануецца правесці Дні культуры Аўстрыі.