Знакаміты скульптар Іван Міско сваю наступную выставу прысвеціць іншапланецянам

16 ноября 2023

Саюзу мастакоў Беларусі - 85. Свой юбілей творчае аб'яднанне адзначае маштабнай выставай у Палацы мастацтва. На свята сабраліся творцы з усіх куткоў Беларусі, прадстаўнікі розных відаў і напрамкаў мастацтва, розных пакаленняў. Віншаванні прымае і старэйшына мастацкага саюза, знакаміты скульптар Іван Міско. Майстар, які перасягнуў дзявяты дзясятак, поўны сіл і новых творчых ідэй. Наталля Бардзілоўская пераканалася ў гэтым.

Саюзу мастакоў - 85,  Івану Міско - 91! Творчае аб'яднанне толькі нараджалася, калі Іван Акімавіч дашкольнікам распісваў вугельчыкамі сцены хатняй печы. Але марай вясковага хлопчыка было не пісаць, а лятаць. Рэдкі гул самалёта  ў вышыні, і маленькі Ваня зрываўся з месца, бег на поле і, закінуўшы галаву, захапляўся, зайздросціў, марыў. Шанц здзейсніць дзіцячае памкненне выпаў яму праз дзесяцігоддзі, калі ўжо дарослы і дыпламаваны скульптар Міско (мастак касмічнай тэматыкі) трапіў у Зорны гарадок.

Мары пра пакарэнне неба ён  увасобіў у творчасці. На ўсёй планеце, здаецца, няма мастака, які б ўсё сваё жыццё прысвяціў космасу і касманаўтам. Кожны дзень на працягу паўстагоддзя Міско ідзе ў  майстэрню - у працы адначасова некалькі работ.

Дарогу Міско бачыць у граніце. Сам Навіцкі, які тройчы пабываў у космасе, прызнаўся, што яго шлях у неба не быў паветрана-лёгкім. Цяпер беларускі касманаўт рыхтуецца да новага старту разам с зямлячкай. Партрэтныя замалёўкі Марыны Васілеўскай у Міско ўжо ёсць.

Да палёту касманаўты аўтографы не раздаюць, таму Міско чакае дзявочага роспісу на яго славутым люстэрку. У майстэрні скульптара пабывалі дзясяткі касманаўтаў з усяго свету - удзельнікі праграмы "Інтэркосмас".

У найбліжэйшы час Міско паедзе ў Гагарын, павязе на радзіму першага касманаўта Зямлі свой новы манумент.

Міско - пераемнік Бембеля, Азгура, Глебава, аксакалы скульптуры пачыналі ў адной і той жа майстэрні. Цяпер ён сам класік, аўтар дзясяткаў знакавых работ, куратар калектыўных праектаў, чалавек-легенда. У юбілей Саюза мастакоў узгадвае мэтраў і іх спадчыну   і акцэнтуе, што і сёння шмат таленавітых маладых. Іх задача - напоўніць гарадскія і аддаленыя ад мегаполісу прасторы пластыкай, дробнай і манументальнай.

Прыадкрыем таямніцу: наступную сваю выставу Іван Міско прысвеціць іншапланецянам. Ёсць ужо напрацоўкі, але агульную інтрыгу Іван Акімавіч трымае ў сакрэце. Касмазнаўца, скульптар верыць у існаванне незямных цывілізацый. Гэту яго веру падзяляюць самі касманаўты.

У багаж чацвёртага палёту Алегу Навіцкаму Міско паклаў пластылін, каб зляпіў фігурку (а раптам пабачыць іншапланецянку праз ілюмінатар?) А калі глабальна, то космас для Міско -  гэта не проста тэма творчасці. Гэта спосаб прызнання ў любові да Радзімы. Беларусь мастак бачыць як частку касмічнай прасторы. Праз нас таксама пралягае "зорны шлях".