Зямельнае пытанне паўстала ў Ратамцы

25 августа 2017

Жыхары аднаго з жылых кварталаў аграгарадка супраць будаўніцтва вежы сотавай сувязі.

Некалькі месяцаў таму яны атрымалі дазвол на размяшчэнне і добраўпарадкаванне возера ля дамоў, аднак правы на зямельны ўчастак прад'явіў мабільны аператар. У спрэчным пытанні разбіралася Наталля Кузьміцкая.

Зусім нядаўна на гэтай маленькай сажалцы абжыліся качкі, і жыхары Банькаўшчыны прыходзілі сюды на адпачынак сем'ямі. Тут планавалася зрабіць дзіцячую пляцоўку, магчыма, альтанку і некалькі лавак. Аднак месяц таму сажалку прыйшлося асушыць, хутка яе неабходна будзе і ўвогуле закапаць.

Для жыхароў жылога квартала Банькаўшчына гэта самаробнае азярцо мела не толькі эстэтычнае прызначэнне. Тут няма аніякіх камунікацый, у тым ліку водаправода, і пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый гэты аб'ект выкарыстоўваўся бы як супрацьпажарны вадаём.

Дазвол на зямельныя работы і размяшчэнне вадаёма жыхары жылога квартала Банькаўшчына атрымалі ад мясцовага сельсавета. Свае подпісы пад праектам паставілі ўсе адказныя службы - раённыя электрычныя сеткі, водаканал, Мінгаз.

Як стала вядома пазней, яшчэ за паўгода да таго, як жыхары Банькаўшчыны выкапалі сажалку, гэты зямельны ўчастак быў выдзелены Мінскім райвыканкамам мабільнаму аператару для будаўніцтва 40-метровай вышкі сотавай сувязі. Дазвол сельсавета на вадаём у Банькаўшчыне адмянілі.

Сёння гэта суседства іх хвалюе больш, чым уласныя сродкі, якія прыйдзецца закапаць у зямлю разам з вадаёмам. За свае правы на спрыяльнае навакольнае асяроддзе домаўладальнікі Банькаўшчыны гатовыя змагацца і ў судзе. З другога боку, адстойваць свой аб'ект гатовы і мабільны аператар. Неабходная дакументацыя, у тым ліку дазвол санітарных службаў і станоўчае рашэнне дзяржаўнай экспертызы па праекце, сабраны.

Як атрымалася, што адзін зямельны ўчастак быў выдзелены двойчы, і ў выніку ўзнікла гэтая спрэчная сітуацыя, у Мінскім райвыканкаме адказаць не змаглі. Паводле слоў начальніка землеўпарадкавальнай службы, зараз вядуцца абмеркаванні наконт пераносу вежы сотавай сувязі на іншы зямельны ўчастак.

Ці атрымаецца знайсці кампраміс у гэтай сітуацыі - пытанне адкрытае, і калі размова ідзе аб якасці жыцця людзей - значная частка жыхароў Банькаўшчыны ўсё-такі больш занепакоена не ўзроўнем мабільнай сувязі, а тым, што ўжо сёмы год у свае дамы яны не могуць правесці ваду і святло.