Заўтра ў Мінску стартуюць калядныя кірмашы сталіцы

17 декабря 2020

Калядныя кірмашы ў сталіцы рыхтуюцца да адкрыцця. У гэтыя хвіліны на пляцоўцы ля Палаца спорту усталёўваюць 24 драўляных шале. Там гандаль разгорнецца ўжо заўтра. У асартыменце - навагоднія цацкі, святочныя сувеніры, у продажы будуць і жывыя ёлкі. На фудкорце таксама шырокі выбар - стравы не толькі беларускай, але і, напрыклад, армянскай кухні. Падсілкавацца можна будзе шашлыком з мяса ці рыбы, блінамі альбо піражкамі, для гурманаў - слімакі і смажаныя каштаны. Зімовага настрою дадасць і шоу самавараў з мёдам і выпечкай. Сярод забаў таксама электрамабілі і атракцыёны. А ў навагоднюю ноч на лакацыі пройдзе святочны паказ.

Зарад навагодняга настрою можна атрымаць і на Кастрычніцкай плошчы. Для святочнага гандлю там усталёўваюць 12 шкляных павільёнаў ў выглядзе сот. Графік працы - з 12 да 20 гадзін, а з 24 снежня пляцоўка будзе адкрыта да 23-х. У навагоднюю ж ноч кірмаш будзе шумець да 4-х ночы.