Заўтра стартуе сезон пешаходных прагулак на вуліцы Карла Маркса

8 мая 2013

Нагадаем, летась яе зрабілі пешаходнай па выхадных і святочных днях. Ствараць настрой дапаможа гандаль і вулічныя мастакі, музыканты, танцоры. Антаніна Станкевіч даведалася, чым здзівіць у гэтым сезоне мінчан і гасцей сталіцы пакуль што адзіная пешаходная вуліца.


 


Апошні прагон перад выхадам... не на сцэну. Танцаваць не перад публікай, а непасрэдна сярод гледачоў - бясцэнны вопыт. А  таму магчымасць выступіць на Карла Маркса танцоры з тэатра танца архітэктурнага факультэта БНТУ не маглі прапусціць.


На 9 Мая рыхтуюць тэматычны нумар. Танец так і называецца: вайна. У наступныя дні  рэпертуар папоўніцца іншымі пастаноўкамі. Танцаваць на Карла Маркса гэтыя хлопцы і дзяўчаты збіраюцца ўсё лета.


Як і летась, ствараць святочны настрой мінчанам і гасцям сталіцы будуць не толькі танцоры. Спевакі, музыканты, клоўны, мімы - жаданыя госці на сталічным праменадзе. Жадаючых несці сваю творчасць у масы - у прамым сэнсе гэтага слова - хоць адбаўляй, кажуць спецыялісты аддзела культуры.


З улікам мінулагодніх памылак і ў інтарэсах тых, хто на Карла Маркса не проста прыходзіць прагуляцца, а жыве,  сёлета вырашылі адмовіцца ад шумных рок-груп.


Мінчане з нецярпеннем чакаюць сезона пешых прагулак. Хтосьці ўжо ведае, як яно было ў мінулым годзе, а хтосьці даведаўся толькі сёлета, і хоча на ўласныя вочы ўбачыць “Мінскі Хрышчацік”.


У дні, калі вуліца Карла Маркса будзе недаступнай для аўто,  паркавацца можна будзе на вуліцы Свярдлова і Ульянаўскай у крайняй правай паласе.  Сезон пешых прагулак скончыцца ў верасні.