"Захад-2021": на 14 беларускіх і расійскіх палігонах і ў акваторыі Балтыйскага мора ўдзел прымаюць каля 200 тысяч вайскоўцаў

13 сентября 2021

"Захад-2021":  на тэрыторыі Беларусі і Расіі ў гэтыя дні працягваецца комплекснае вучэнне, якое стала, па сутнасці, фіналам двухгадовай падрыхтоўкі Узброеных сіл дзвюх краін. 

У іх  на 14 беларускіх і расійскіх палігонах, а таксама ў акваторыі Балтыйскага мора,  прымаюць удзел каля 200 тысяч вайскоўцаў. 

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка праінспектаваў работу вайскоўцаў на палігоне Абуз-Лясноўскі, а сёння Уладзімір Пуцін наведвае палігон Муліна ў Ніжагародскай вобласці. 

Начное дэсантаванне,  авіябой, абарона марскога ўзбярэжжа. Якія яшчэ сцэнарыі адпрацоўвалі сёння?  Уладзімір Каралёў працягвае сачыць за самымі маштабнымі манеўрамі года.  

Пяскі Сахары, а менавіта так беларускія вайскоўцы называюць Брэсцкі палігон з-за рэльефу. Пад покрывам ночы сюды высадзіўся тактычны дэсант. Паводле легенды, самалёты Іл-76 даставілі ў тыл непрыяцеля дэсант з  Беларусі, Расіі і Казахстана. 

Гул рухавікоў, а пасля шум ветру. Да зямлі - 5 000 метраў. Першым на зямлю спускаецца спецназ для зачысткі тэрыторыі. Далей у небе з'яўляюцца дэсантныя падраздзяленні і бяруць пад кантроль стратэгічныя  аб'екты, адпрацаваўшы дыверсійныя задачы ў тыле ўмоўнага праціўніка.

Падраздзяленні Балтыйскага флоту арганізавалі абарону марскога ўзбярэжжа і правялі аперацыю па высадцы дэсанта і марпехаў Паўночнага флоту. Паводле легенды вучэння, вайскоўцам трэба будзе ажыццявіць захоп плацдарма і забяспечыць высадку тэхнікі марскога дэсанта для наступлення ўглыб незнаёмай тэрыторыі, якую абаранялі марскія пехацінцы Балтыйскага флоту.

Кадры з Ніжагародскай вобласці. На палігоне Муліна кааліцыйную групоўку прадстаўляюць 7 краін, у тым ліку Беларусь, Арменія. Казахстан і Індыя. У фінальнай частцы вучэння задзейнічаны шырокі арсенал вайскоўцаў, у тым ліку і робаты. 

Напярэдадні свае магчымасці прадэманстравалі Галоўнакамандуючаму. Аляксандр Лукашэнка асабіста назіраў за манеўрамі на палігоне Абуз-Лясноўскі пад Баранавічамі.  Усе падраздзяленні з поспехам выканалі пастаўленыя задачы - ацэнка ад Прэзідэнта самая высокая! Акцэнт вучэнняў менавіта на абарончы бой. Выклікі часу і недружалюбнае становішча вакол вымушае нас трымаць порах сухім. Аляксандр Лукашэнка ў нядзелю так і сказаў журналістам: "Мы не нацэльваем свае ракеты на сумежныя дзяржавы. Мы рыхтуемся  абараняць сваю зямлю". 

Беларусь запрасіла назіраць за ходам вучэнняў міжнародныя арганізацыі, у тым ліку з ЗША і ЕС - краіна адпавядае ўсім прынцыпам адкрытасці. Але запрашэнне чакана праігнаравалі.  Зрэшты, гэта іх права. Але тое, што адбываецца на палігонах Беларусі і Расіі, напэўна ўбачылі і пачулі нават у краінах НАТА.  

Зрэшты, вучэнні беларускіх вайскоўцаў "Захадам" не заканчваюцца. У гэтыя дні ў Казахстане на палігоне Сары-Шаган  нашы ракетчыкі правяраюць магчымасці рэактыўных сістэм залпавага агню "Смерч" і "Паланез", а таксама тактычнага комплексу "Кропка". Баявыя пускі ажыццяўляліся на далёкасць ад 40 да 100 кіламетраў. У трэніроўцы задзейнічана звыш 100 адзінак тэхнікі. Відаць вялікая работа спецыялістаў войскаў сувязі і радыёэлектроннай барацьбы, ракетна-артылерыйскага ўзбраення, навігацыйна-тапаграфічнай службы, складаныя разлікі беспілотных авіякомплексаў забяспечылі выкананне задач ракетнымі падраздзяленнямі своечасова і з высокай дакладнасцю. У выніку - адхіленне ракет ад цэлі склала лічаныя метры. 

Традыцыйна на манеўрах працуюць ваенныя эксперты, якія звяртаюць увагу на плюсы і мінусы новых тактык, дапамагаючы камандаванню павышаць баяздольнасць войскаў Саюзнай дзяржавы.