Законапраект аб амністыі накіраваны на вывучэнне дэпутатамі ў Палату прадстаўнікоў

7 мая 2015

Свабода для 8 тысяч зняволеных. Па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы законапраект аб амністыі накіраваны на вывучэнне дэпутатамі ў Палату прадстаўнікоў. Праяўленне гуманізму, як называюць юрысты прававы акт, прымеркавана да знакавай даты - 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Як гавораць спецыялісты, пад дзеянне закону падпадуць традыцыйныя катэгорыі зняволеных. А датэрміновае вызваленне ніякім чынам не ўскладніць аператыўнае становішча.

Чаго чакаць і як хутка - першыя каментарыі аб законапраекце ў рэпартажы Аляксандра Смірнова. Добрая навіна для 8 з паловай тысяч чалавек. Новы законапраект аб амністыі накіраваны на разгляд дэпутатам. А гэта значыць, што не толькі зняволеныя, але і іх сем'і з нецярпеннем чакаюць хутчэйшага вырашэння лёсу дакумента, які ў сваю чаргу вельмі многае зменіць у іх уласным лёсе.

Віктар Русак, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па нацыянальнай бяспецы: "Амністыя - гэта акт гуманізму. Мы стаім у перадпачатку ўсенароднага свята светлага, якое аб'ядоўвае ўсе слаі краіны. Я шчыра ўпэўнены, што гэта свята і для тых, хто па нейкіх прычынах апынуўся ў месцах зняволення. Напэўна ў іх таксама ёсць і сваякі, і продкі, якія палеглі на полі бітвы. Таму і Кіраўнік дзяржавы, і парламент вельмі жадаў, каб гэтае свята закранула і іх".

У МУС, якое па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі распрацоўвала законапраект, ужо агучылі папярэднія лічбы. Усяго на амністыю могуць разлічваць каля 8 тысяч 600 чалавек. З іх больш як 2 тысячы могуць быць вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, 700 - з устаноў адкрытага тыпу і 5700 - з крымінальна-выканаўчых інспекцый. Пры гэтым законапраект мае даволі шырокі спектр паўнамоцтваў.

Законапраекту папярэднічала працяглая і скрупулёзная праца Кіраўніка дзяржавы. Паперы не адзін раз клаліся на стол Прэзідэнта і зноў адпраўляліся на дапрацоўку юрыстам і прававедам. Амністыю не без падстаў завуць актам міласэрнасці, бо ў першую чаргу паслабленні закрануць так званыя льготныя катэгорыі - гэта цяжарныя жанчыны, адзінокія бацькі ў якіх ёсць непаўналетнія дзеці, пенсіянеры, ліквідатары ЧАЭС і шматлікія іншыя.

Віктар Русак, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па нацыянальнай бяспецы: "Праект закону ў парламенце будзе разгледжаны ў самыя кароткія тэрміны, для таго каб прадставіць яго ў Савет Рэспублікі, потым на подпіс Прэзідэнту. Спадзяюся, што гэтая праца будзе праведзеная ў рамках бягучай сесіі".

Традыцыйна на гуманнасць з боку дзяржавы могуць разлічваць тыя, хто спатыкнуўся ўпершыню і не ўчыніў цяжкіх або злачынстваў, якія маюць вялікую грамадскую небяспеку. Менавіта таму праваахоўнікі ўпэўненыя ў тым, што датэрміновае вызваленне ніякім чынам не ўскладніць крымінагеннае становішча. Далёка па прыклады хадзіць не трэба - папярэдняя амністыя прайшла летась і была прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Доўгачаканую волю атрымалі больш як 2 тысячы зняволеных, і яшчэ амаль 2 з паловай тысячам чалавек скарацілі тэрмін пакарання на год.