За апошнія 10 гадоў у Беларусі захворванне на грып знізілася ў 69 разоў

29 октября 2016

Такія лічбы агучыла намеснік міністра аховы здароўя Наталля Жукава. Вынік 90-гадовай працы падводзяць працаўнікі санэпідслужбы.

У нашай краіне ўжо не фіксуюцца выпадкі адзёру і краснухі. Інфекцыйныя захворванні ў цэлым сустракаюцца ўсё больш рэдка. І гэта вынік павелічэння колькасці абавязковых прышчэпак. Неабходныя 12 уколаў бясплатна атрымліваюць больш як 95% беларусаў.

Наталля Жукава, намеснік міністра аховы здароўя, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі: "На канферэнцыі мы разглядаем пытанні прафілактыкі інфекцыйных захворванняў, пытанні, звязаныя з фарміраваннем здаровага ладу жыцця, і шэраг іншых пытанняў гігіенічнага кірунку. Санітарная служба на працягу 90 гадоў заўсёды вырашала пытанні, якія стаяць перад краінай. У самым пачатку - 20-30-я гады - гэта была праца па барацьбе з масавымі інфекцыйнымі захворваннямі - такімі, як сыпны, зваротны, брушны тыф, малярыя. Вядома, зараз мы не чуем аб такіх захворваннях".

Беларусь - адна з нешматлікіх краін, дзе рэалізуюцца ўсе праграмы САЗ па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. Дзякуючы гэтаму наша краіна стала першай у Еўропе, якая атрымала сертыфікат САЗ аб ухіленні прыроджанага сіфілісу і перадачы ВІЧ ад маці да дзіцяці.