Выставу "Шэсць стагоддзяў гісторыі медыцыны і фармацыі ў рарытэтах" прэзентавалі ў НББ

24 марта 2022

Два юбілеі - сто гадоў з дня заснавання вядучай фармацэўтычнай вытворчасці краіны і стагоддзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі -  аб'яднаў унікальны праект. У галоўным кнігасховішчы прэзентавалі выставу "Шэсць стагоддзяў гісторыі медыцыны і фармацыі ў рарытэтах". Аўтэнтычныя экспанаты прадставілі абодва юбіляры. Кожны па-свойму расказвае пра развіццё аптэчнай справы ў розныя гістарычныя перыяды. 

Наталля Бардзілоўская пабывала на адкрыцці выставы.

На экспазіцыйнай паліцы настольная кніга для пакаленняў судмедэкспертаў. Прэзентаваць том, які стаў падручнікам для сучасных спецыялістаў галіны, прыйшоў нашчадак аўтара. Глеб Орліс - праўнук Марка Орліса, знакамітага гродзенскага фармацэўта: на пачатку мінулага стагоддзя ён быў і аптэкарам, і медыкам, і грамадскім дзеячам, які ўнёс нямала рэвалюцыйных змяненняў і ў вучэнне аб леках, і ў дзяржаўнае жыццё.

Кніга Орліса - адна з соцень экспанатаў, якія знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй станаўлення айчыннай фармацыі. Выданні - ад XV стагоддзя да нашых дзён. Большасць з іх захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Адзін з самых каштоўных і старажытных экспанатаў выставы –  гербарый Петэра Шофера

Том быў выдадзены ў Майнцы ў 1484 годзе. У кнізе інфармацыя і ілюстрацыі 150 раслін. 

Сярод самых старадаўніх і экзэмпляр "Салернскага кодэкса" Арнольда з Вілановы. Атласы і даведнікі па леках. Гравюры з фармацэўтычнымі формуламі і выявамі ўрачэбнага інструментарыя. Прадметы медыцынскага і аптэкарскага ўжытку.

У сістэмы айчыннай аховы здароўя і фармацыі - багатая мінуўшчына, на якой грунтуюцца сённяшнія дасягненні. У Год гістарычнай памяці агляд вопыту лячэбнай і аптэчнай спраў вось у такім, выставачным фармаце здольны прыцягнуць ўвагу і спецыялістаў, і цікаўных. У музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі праект будзе працаваць да 30 красавіка.