Сустрэча спадчыннікаў Перамогі адбылася сёння на Кургане Дружбы

5 июля 2020
Традыцыя,  якой больш чым паўстагоддзя. Сустрэча спадчыннікаў Перамогі  адбылася сёння на Кургане Дружбы. Гэта знакавае месца на стыку трох дзяржаў - Беларусі, Расіі і Латвіі. У гады Вялікай Айчыннай  тут разгарнуўся магутны партызанскі і падпольны рух. У памяць аб сумеснай барацьбе з ворагам быў насыпаны курган. Зямлю для яго прывозілі з брацкіх магіл, месцаў гібелі тых, хто аддаў сваё жыццё за перамогу. Традыцыя збірацца на Кургане Дружбы зарадзілася 61 год  таму. І з тых часоў  у першую нядзелю ліпеня  тут праходзяць урачыстыя мерапрыемствы. Сёння дэлегацыі Беларусі і Расіі абмяняліся кветкамі, пасля чаго адбылася цырымонія ўскладання вянкоў да помніка героям-камсамольцам вёскі Прошкі і да помніка разведчыцы Марыі Пынто.  Па традыцыі на тэрыторыі Беларусі гарэла партызанскае вогнішча. Удзельнікаў сустрэчы запрасілі ў Музей баявой садружнасці. Прыгожым момантам святочнай сустрэчы стала выкананне "Кацюшы".