Успамінаем Купалле і імя беларускага Песняра

12 июля 2014

На гэтым тыдні ў Вязынцы адзначылі падвоенае свята - чарговую гадавіну з дня нараджэння беларускага Песняра Янкі Купалы і абрад летняга сонцастаяння. На Купалле ў запаведніку шукаюць папараць-кветку, водзяць карагоды і пускаюць па рацэ вянкі. Сёлета сплялі вянок-рэкардсмен дыяметрам 4 метры. У мемарыяльным запаведніку паэты і музыканты арганізавалі творчую вечарыну. Чым сёння заахвочваюць у Вязынцы?


Аляксандра Драгун наведала музей. Калісьці хата арандатара... цяпер музей. У 1882 годзе тут нарадзіўся Янка Купала. Беларускі Пясняр. Дзеці з пачатковай школы ведаюць да каго прыходзяць у госці.


У гады Айчыннай вайны хата не ўцалела. Яе прыйшлося аднаўляць. Прадметы інтэр'еру збіралі па ўсёй Вязынцы, а некаторыя рэчы прэзентавалі сваякі паэта. Трафей - ласіныя рогі. Бацька Купалы быў заўзятым паляўнічым.


Пакой святочна прыбраны. На стале - абрусы і ручнікі з аўтэнтычнымі ўзорамі-вышыванкамі, на вокнах - бялюткія фіранкі. У Вязынцы маленькі Янка вучыўся хадзіць, слухаў на ноч матуліны калыханкі. Так і пазнаў прыгажосць і мілагучнасць роднай мовы.


На радзіме паэта згодна з народнымі традыцыямі праводзяць беларускія абрады і святы. Гуканне вясны, Багач і, зразумела ж, Купалле. Таксама тут ладзяць і сезонныя выставы.


Янка Купала жыў у Вязынцы нядоўга - дзесьці год. Затым з бацькамі і дзвюма сёстрамі мянялі месца жыхарства. Невядома, ці вяртаўся на сваю малую радзіму паэт, але ў сваіх творах апяваў.


Вязынка - адзін з трох філіялаў музея Янкі Купалы ў Мінскай вобласці. Яшчэ існуе ў Акопах і Яхімоўшчыне. Гэты мемарыяльны запаведнік займае больш за 20 гектараў. Сярод маляўнічых пейзажаў і сялянскіх хат, бадай, самы старажытны жыхар вёскі - 120-гадовая ліпа.


Натхняўся паэт роднай прыродай, фальклорам і легендамі. Трапныя вобразы ўвасабляў у вершаваных радках, прозе, драматургічных творах. Сёння класікай зачытваюцца і сузіраюць прыгажосць малой радзімы народнага пісьменніка.