Вяшчальны сезон стартаваў на міжнародным радыё "Беларусь"

5 сентября 2016

У эфіры пазыўныя станцыі гучаць ужо больш за паўстагоддзе. У новым сезоне слухачоў чакаюць прэм'еры. Пра тое, што адбываецца з іншага боку FM-прыёмніка, раскажа Дар'я Тарасава.

Штодзень са студыі на Чырвонай, 4 вядучыя будзяць слухачоў усяго свету. Праграмы радыё «Беларусь» у прайм-тайм раціруюць нават вяшчальнікі Германіі, а гэта - не менш як паўтарамільённая аўдыторыя. Сёлета лічба павялічыцца з дапамогай сацыяльных сетак і інтэрактыўных платформ.

Навум Гальпяровіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё: «Сёння радыё - гэта не тое, што можна толькі слухаць, гэта тое, што можна бачыць, гэта тое, з кім можна спілкавацца, як кажуць, а гэта тое, што развіваецца, таму мы стараемся, каб наша радыё сёння і паказвала відэа, мы робім відэаагляды, навіны суправаджаем відэарадам».

Сотні лістоў ад слухачоў з усіх куткоў свету захоўваюцца тут – у ньюсруме. Мяркуючы па пасланнях, асаблівай папулярнасцю радыёстанцыя карыстаецца ў жыхароў Германіі і Аўстрыі.

Дзмітрый Занеўскі, дырэктар дырэкцыі падрыхтоўкі праграм на замежных мовах Беларускага радыё: «Цікава, што дасылаюць часам лісты і слухаюць нас на мовах нават вельмі нечакана, напрыклад, з Бразіліі прысылаюць лісты, хоць мы на партугальскай і не вяшчаем, на іспанскай мове нас слухаюць нават на Кубе, хоць гэта досыць цяжка. Канешне, паймаць нас на Кубе, але праз Інтэрнэт не так складана».

Кожны радыёвядучы - сапраўдны паліглот, валодае не менш як трыма мовамі. Калі спачатку перадачы выходзілі ў эфір толькі па-беларуску, то сёння радыёканал сапраўды адпавядае званню міжнароднага - вяшчае адразу на 8 мовах. Дарэчы, у рэспубліцы гэта адзіная радыёстанцыя, якая выходзіць у эфір па-кітайску.

104 аўтарскія праекты. Сярод радыёпрэм'ер праграмы сацыяльна-эканамічнага, культурна-гістарычнага і палітычнага кірункаў. У ратацыі і музычныя праекты. Сёння радыёканал вяшчае кругласутачна - у рэжыме рэальнага часу ў сетцы Інтэрнэт. На FМ-хвалях беларускія навіны слухаюць у прыгранічных раёнах у дыяпазоне сто кіламетраў. А вось дзякуючы спадарожніку нас чуе ўвесь зямны шар.