Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі працягваецца датэрміновае галасаванне

15 ноября 2019
Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі працягваецца датэрміновае галасаванне за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Свой выбар загадзя робяць і палітыкі, і спартсмены, і артысты,  і проста радавыя жыхары нашай краіны. У кожнага  свае прычыны аддаць голас датэрмінова. За тры дні бюлетэні запоўнілі больш за  19 % выбаршчыкаў. Самая высокая  іх яўка  - у Віцебскай вобласці. Тэму парламенцкіх выбараў працягне Святлана Чарнова.


Беларускія спартсмены галасуюць датэрмінова


Выбаршчыкаў участка № 1 у Брэсце сёння чакаў сюрпрыз. Сярод тых, хто прыйшоў галасаваць датэрмінова, аказалася зорка спорту Таццяна Халадовіч - чэмпіёнка II Еўрапейскіх гульняў у кіданні кап’я і фіналістка Алімпійскіх гульняў, а таксама  ўладальніца нацыянальнага рэкорду краіны. Нягледзячы на дастаткова шчыльны трэніровачны графік, аддаць свой голас вырашыла загадзя. Выканаць свой грамадзянскі абавязак, а заадно і ўвасобіць даўнюю мару. Аляксей Захарчук - адданы прыхільнік таленту Таццяны Халадовіч,  не чакаў, што на выбарчым участку сустрэне свайго куміра. Але не разгубіўся і ўзяў аўтограф знакамітай спартсменкі. 

Імкненне да першынства зматывавала датэрмінова скарыстацца правам голасу і чэмпіёна II  Еўрапейскіх гульняў, спартыўнага акрабата Артура Белякова і бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў у Афінах па грэка-рымскай барацьбе Вячаслава Макаранку.


Датэрмінова галасуюць артысты беларускай сцэны


Рэпетыцыі, канцэрты, запісы новых песень. Нягледзячы на шчыльны гастрольны графік і сур'ёзную падрыхтоўку да сольніка, заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева свой голас аддала датэрмінова і заслужанаму, на яе думку, прэтэндэнту на дэпутацкі мандат. 

Галоўны Дзед Мароз Беларусі з такой нагоды і зусім прыпыніў падрыхтоўку да Новага года і на дзень выйшаў з вобраза галоўнага навагодняга персанажа. Уладзімір Радзівілаў ужо два дзясяткі гадоў  нязменны казачны чараўнік для дзяцей усёй краіны. І нягледзячы на тое, што да свайго выбару ён падышоў асэнсавана і адказна, усё ж у каментарыях ва ўласцівай яму форме пажартаваў, што на Дзеда Мароза спадзявайся, а сам не агінайся. Бо тое, як будзе жыць краіна ў найбліжэйшыя чатыры гады, залежыць не ад удару кія, а ад выбару кожнага выбаршчыка. 


Датэрміновае галасаванне: самая высокая яўка ў Віцебскай вобласці 


Дарэчы, у лідарах па колькасці датэрмінова запоўненых выбаршчыкамі бюлетэняў паўночны рэгіён. Тут выбар на карысць свайго кандыдата зрабілі больш за 21 % тых, хто галасуе. У цэлым  свой выбар па ўсёй краіне ўжо зрабілі больш за 19 % беларусаў. Сёння адна са сталічных выбарчых урн папоўнілася голасам за і міністра адукацыі. На выбарчы ўчастак Ігар Карпенка прыйшоў разам з жонкай, сынам, нявесткай і ўнучкай. 


За выбарамі сочаць 30 тысяч унутраных назіральнікаў і тысяча міжнародных


За празрыстасцю і сумленнасцю галасавання на ўчастках сочаць 30 тысяч нацыянальных назіральнікаў і яшчэ тысяча ад міжнародных арганізацый - СНД, ПАСЕ, БДІПЧ і АБСЕ.  Адылхан Біжанаў прыляцеў з Казахстана некалькі гадзін таму. Першы пункт у сталіцы - 168-ы выбарчы ўчастак. Для госця гэтыя парламенцкія выбары ў Беларусі  не першыя. Чатыры гады таму яго прыемна здзівіла высокая яўка, у тым ліку і ў дні датэрміновага галасавання. 

Адзначым, усяго ў краіне працуюць амаль 6 тысяч выбарчых участкаў. Аддаць голас за аднаго з кандыдатаў датэрмінова можна і заўтра. Пункты для галасавання працуюць з 10:00 да 14:00 і з 16:00 да 19:00. У асноўны для галасавання дзень - гэта нядзеля - зрабіць свой выбар можна будзе з 8:00 да 20:00. Выбаршчыкам пры сабе неабходна мець пашпарт або любы іншы дакумент, які сведчыць асобу. А святочны настрой ужо па добрай традыцыі забяспечаць выязны гандаль і насычаная культурная праграма. 


Тэгі:

#Выборы 2019