Замест падручнікаў - планшэт

13 мая 2014
Замест падручнікаў - планшэт, а замест хатняга задання - інтэрнэт-блог. Сучасныя тэхналогіі ўсё больш актыўна прыходзяць у жыццё сталічных школьнікаў. На ўроках вучні цяпер пішуць правілы ў электронных блакнотах, а ўвечар перапісваюцца з настаўнікамі анлайн. Між тым спецыялісты распрацоўваюць спецыяльную праграму па ўсіх школьных прадметах. Якой яна будзе і як настаўнікі асвойваюць і ўжываюць сучасныя тэхналогіі на ўроках? З падрабязнасцямі - Наталля Кезік.

На ўроку англійскай мовы яны часцей уключаюць свае мабільныя тэлефоны і планшэты, чым адкрываюць сшыткі і падручнікі. Уся неабходная інфармацыя - планы ўрока, заданні і дадатковая інфармацыя - знаходзіцца менавіта ў гаджэтах. І такі электронны падыход да ўрока дзесяцікласнікам вельмі падабаецца.
Марыя Хлістоўская, вучаніца гімназіі №24 г. Мінска: Нашмат больш зручна працаваць з тэлефонамі і планшэтамі, бо ўся інфармацыя анлайн, не трэба насіць падручнікі.
Праводзіць урокі з дапамогай гаджэтаў Інэса Зубрыліна пачала некалькі гадоў таму. Але перад такім новаўвядзеннем прайшла спецыяльны курс навучання за мяжой. Зараз хатняе заданне разам абмяркоўваюць у англамоўным блогу. А на ўроку ў школьнікаў не застаецца ні хвілінкі, каб пры ўключаным Інтэрнэце перапісвацца з сябрамі ў сацыяльных сетках.
Псіхолагі сцвярджаюць, што ў электронным падыходзе да ўрокаў ёсць свае перавагі. За сорак пяць хвілін настаўнік паспявае паведаміць вучням больш матэрыялу. А ўрокі з відэафільмамі і прэзентацыямі хутчэй засвойваюцца школьнікамі.
Такі падыход да ўрокаў падтрымліваюць і спецыялісты. Але засцерагаюць: карыснымі на ўроку гаджэты становяцца толькі ў руках настаўніка, які сам сябруе з электроннымі тэхналогіямі і карыстаецца планшэтамі штодня.
Аксана Мініч, дэкан факультэта Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі: Мы павінны добра разумець, што лічбавыя сродкі ператвараюцца ў навучальны сродак у руках умелага настаўніка, першым чынам. Гэта не павінна станавіцца панацэяй для настаўніка і для бацькоў.
Сталічныя настаўнікі зараз вывучаюць спецыяльны курс, як праводзіць электронныя ўрокі. Больш за тое, спецыялісты распрацоўваюць праграму, дзе і настаўнікі, і вучні змогуць знайсці дадатковую інфармацыю па кожным уроку. Але паўнавартаснага пераходу на электронныя падручнікі і інтэрнэт-рэсурсы на ўроку пакуль адназначна не будзе.