Верагоднасць траплення Эболы ў Беларусь мінімальная

14 октября 2014

Аб гэтым сёння журналістам паведаміў галоўны санітарны ўрач краіны Ігар Гаеўскі. Паводле яго слоў, спецыялісты вядуць пастаянны маніторынг. Акрамя таго, медыкі праходзяць вучэнні на межах і станцыях хуткай дапамогі. Як заявілі ў Міністэрстве аховы здароўя, прычын для турботы няма. Гэта стандартная сусветная практыка. Урачы проста абавязаныя ведаць, як рэагаваць у розных сітуацыях. Для транспартоўкі пацыентаў з падазрэннем на небяспечную інфекцыю яны апранаюць спецыяльныя ахоўныя касцюмы і змяшчаюць у біябокс.


Каб не дапусціць траплення небяспечнага віруса ў нашу краіну, спецыяльны інструктаж прайшлі і супрацоўнікі пагранслужбы. На кантрольна-прапускных пунктах працуюць медыкі са спецыяльнымі прыборамі. Павышаную тэмпературу пасажыра яны могуць выявіць на адлегласці. Акрамя гэтага, кожнаму, хто перасякае мяжу, уручаюць лістоўкі. У іх інфармацыя аб вірусе Эбола - першых прыкметах і магчымых варыянтах заражэння. Пільную ўвагу надаюць тым, хто быў у краінах Заходняй Афрыкі. У першую чаргу гаворка ідзе аб замежных студэнтах.