Лагер смерці "Азарычы". Гісторыя трагічных дзён

19 марта 2019

19 сакавіка 44 года   лагер смерці "Азарычы" апынуўся на пярэднім баку абароны.  50 тысяч чалавек сталі заслонай паміж надыходзячымі часцямі  Чырвонай Арміі і нямецкімі пазіцыямі.  Войскі вермахта  ператварылі лясныя балоты ў Гомельскай вобласці  ў палігон для бактэрыялагічнай зброі.  Аб злачынстве супраць мірнага насельніцтва - Алена Борматава. 

Фатаграфіі, зробленыя 19 сакавіка 44 года,  адразу пасля вызвалення лагера смерці "Азарычы". Іх аўтары – ваенныя  фотакарэспандэнты Альперын і Кекала. Гэта практычна ўсё фотасведчанне  аб жудасным злачынстве вермахта. 

Ужо заўтра гэтыя фатаграфіі можна будзе ўбачыць у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там адкрыецца выстава "Азарычы. Трагедыя мірнага насельніцтва Беларусі". 50 тысяч чалавек былі заражаныя тыфам. Старых, жанчын і дзяцей выкарысталі як бактэрыялагічную зброю. 

Людзей утрымоўвалі пад адкрытым небам, без якіх-небудзь памяшканняў. Не кармілі, не аказвалі ніякай медыцынскай дапамогі. Людзі паміралі тысячамі. 

Аркадзь Шкуран,  былы вязень  лагера смерці "Азарычы":  "Пасля вызвалення канцлагера  была створана спецыяльная каманда пахавальная. Ёсць загады 65-й савецкай арміі, якія хавалі. Пахавалі ў агульных магілах, братэрскіх. На той момант там ніхто ніякіх ні крыжоў, ні помнікаў не ставіў. Так шматлікія пахаванні засталіся страчанымі".

Лагер, створаны вермахтам з мэтай спыніць наступ савецкіх войскаў. Людзі выкарыстоўваліся як жывы шчыт. На міжнародным трыбунале ў Нюрнбергу злачынства ў Азарычах названа самым буйным злачынствам вермахта за ўвесь перыяд Другой сусветнай вайны. Але міжнароднай агалоскі гэтае злачынства не атрымала. 

У 2008 годзе  ў нямецкім Людвігсбургу ў ведамстве па расследаванні нацысцкіх злачынстваў заняліся расследаваннем справы аб зверствах, учыненых  у сакавіку 44 года ў беларускіх Азарычах. Каталізатарам да працэсу паслужыў артыкул у мясцовай газеце. 

Былі апытаныя дзясяткі сведак  вязняў лагера смерці. Але ў сувязі з тым, што датычных да злачынства асоб  ужо няма ў жывых, справа спынена.