Вярблюд Гоша зараз жыве ў вёсцы Гранаўка Рэчыцкага раёна

4 октября 2018

У жыхара Гомельскай вобласці з'явіўся незвычайны гадаванец - двухгорбы вярблюд Гоша. Каб даставіць экзатычную жывёліну ў беларускую глыбінку, яе правезлі некалькі тысяч кіламетраў на спецыяльным транспарце: з Казахстана праз Маскву і Бранск. Згодна з новай прапіскай Гоша зараз жыхар вёскі Гранаўка Рэчыцкага раёна. Да палескага клімату прывык адразу. За дзень з'ядае 40 кілаграмаў сена, любіць паласавацца буракамі, яблыкамі і хлебам.

Сяргей Антоненка, гаспадар вярблюда: "Мы гуляем, мы пасвім яго. Суседзі нармальна рэагуюць, яны ведаюць, што ў нас вярблюд, яны праводзяць сюды сваіх дзяцей і ўнукаў".

Яшчэ ў Сяргея ёсць в'етнамскія чорныя свінні, авечкі, козы, коні, поні і гусакі. У планах - павялічыць калектыў свойскага міні-заапарка. У хуткім часе сюды прывязуць асла, альпаку, а таксама фазанаў і паўлінаў.